Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Германія: нунцый пацвердзіў забарону стварэння сінадальнай рады

Апостальскі нунцый у Германіі, выступаючы перад нямецкімі біскупамі, якія сабраліся на пленарнай асамблеі ў Дрэздэне, падкрэсліў немагчымасць стварэння так званай “сінадальнай рады”

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Нікола Этэравіч быў “упаўнаважаны ex officio” заявіць, што нават дыяцэзіяльны біскуп не можа заснаваць “сінадальную раду” на дыяцэзіяльным або парафіяльным узроўні.

Прадстаўнік Святога Айца звярнуў увагу на тое, што сінадальнасць не азначае “стварэння новых інстытутаў, бо гэта пагражае далейшым пашырэннем бюракратыі”. Замест гэтага ў сінадальным духу неабходна аднавіць існуючыя дыяцэзіяльныя органы, такія як Святарская рада, Калегія кансультантаў, Душпастырская рада і Рада па гаспадарчых справах. Сінадальнасць – гэта “больш пытанне духу і стылю, чым структуры”, - падкрэсліў арцыбіскуп Этэравіч.

У якасці ўзору сінадальнасці нунцый спаслаўся на цяперашні Сінод Біскупаў, які з’яўляецца добрым прыкладам такой структуры ў Каталіцкім Касцёле. Сінадальныя асамблеі, арганізаваныя Генеральным сакратарыятам, з’яўляюцца рэгулярнымі падзеямі ў жыцці Каталіцкага Касцёла, кульмінацыяй якіх з’яўляюцца Генеральныя асамблеі; яны звычайна доўжацца тры тыдні і праходзяць пад старшынствам Святога Айца. Пры кожным з Сінодаў ствараецца Сінадальная рада, тэрмін паўнамоцтваў якой заканчваецца праз тры гады, падчас наступнага Генеральнага сходу. Яна мае дарадчую функцыю і служыць для працягу працы Генеральнай асамблеі і падрыхтоўкі да наступнай.

Арцыбіскуп Этэравіч пацвердзіў нязменную актуальнасць апостальскага ліста Ordinatio sacerdotalis з 1994 года, у якім Ян Павел ІІ адхіліў допуск жанчын да святарства. Тое, што яны не выконваюць сакрамэнтальнага служэння, не трэба разглядаць у якасці недахопу. Іерарх дадаў пры гэтым, што Францішак жадае большай колькасці жанчын у кіраўнічых органах Касцёла.
 

28 лютага 2023, 12:32