Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш на азіяцкай асамблеі па сінадальнасці Кардынал Жан-Клод Олерыш на азіяцкай асамблеі па сінадальнасці 

Кардынал Олерыш: сінадальны шлях прывядзе да вясны экуменізму

Cінадальны Касцёл – гэта Касцёл, які абвяшчае Евангелле і служыць чалавецтву, - адзначыў кардынал Жан-Клод Олерыш падчас азіяцкай сінадальнай асамблеі, якая завяршылася 26 лютага 2023 года ў Бангкоку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Азія – гэта “найменш індывідуалістычны кантынент у свеце”, які добра, значна лепш, чым Еўропа, ведае каштоўнасць супольнасці. Аднак у Азіі жыве і "найбольшая колькасць тэхнічных спецыялістаў", а з празмерным ужываннем лічбавых тэхналогій звязана рызыка індывідуалізму. Касцёл можа і павінен несці сінадальнае сведчанне аб прыгажосці рэальнага сумеснага жыцця ў параўнанні з адносінамі, якія падтрымліваюць з дапамогай экранаў, - звярнуўся да ўдзельнікаў сінадальнай асамблеі Касцёлаў Азіі кардынал Олерыш.

Арцыбіскуп Люксембургскі параўнаў Сінод да сімфоніі. "Сімфонія, - сказаў ён, - гэта калі шмат розных інструментаў усе разам гучаць прыгожа", для гэтага патрэбна "пэўная дысцыпліна, інакш не спрацуе". "Сінадальнае навяртанне, - працягнуў ён, - азначае, што мы павінны наладзіць нашы інструменты на Хрыста, адклаўшы крыху ўбок наша эга, таму што "няма сінадальнасці без пакоры".

Пакора, на думку генеральнага рэлятара Сінода Біскупаў, адкрывае магчымасці для супрацоўніцтва, а сінадальны шлях – гэта шлях, па якому запрашаюць ісці ўсіх "ахрышчаных людзей" усіх хрысціянскіх канфесій. Іерарх бачыць у гэтым аспекце дадатковы станоўчую якасць Сінода: "Я адчуваю, што наступіць новая вясна экуменізму, заснаванага на хросце”, які з'яўляецца “вельмі важным момантам ідэнтычнасці” чалавека.

Кардынал Олерыш нагадаў, што Сінод Біскупаў у Рыме “распачнецца Сусветным малітоўным чуваннем супольнасці Тэзэ". Паводле яго, “было б добра, калі б у кожнай дыяцэзіі прайшла экуменічная малітва аб пачатку Сінода”.

Напрыканцы сваёй прамовы кардынал нагадаў, што Касцёл з'яўляецца “часткай чалавецтва і закліканы служыць яму”. Такім чынам, падагульніў ён, “сінадальны Касцёл – гэта Касцёл, які з'яўляецца місіянерам Хрыста, абвяшчае Евангелле і служыць чалавецтву”.

27 лютага 2023, 11:46