Кардынал Марк Уэле з Папам Францішкам Кардынал Марк Уэле з Папам Францішкам  (ANSA)

Кардынал пра небяспеку заклікаў да супярэчных з верай рэформ

Кардынал Марк Уэле зноў перасцярог ад расколу ў Касцёле ў сувязі з заклікамі да рэформ, якія "супярэчаць пераемнасці веры, Слову Божаму і традыцыі Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канадскі іерарх, які завяршае служэнне ў якасці прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў, адзначыў, што будучыня Касцёла і ўсяго чалавецтва не будуецца на расколе. "Я спадзяюся, што яшчэ ёсць шмат месца для дыялогу і што мы зможам прыйсці да рашэнняў, да рэформ, якія падыходзяць для нашага часу", - прызнаўся ён 19 лютага 2023 года ў інтэрв’ю для службы навін італьянскай тэлекампаніі Mediaset.

Спасылаючыся на пастулаты, агучаныя ў рамках так званага сінадальнага шляху ў Германіі, якія тычацца паслаблення практыкі цэлібату для каталіцкіх святароў лацінскага абраду, кардынал Уэле нагадаў, што цэлібат – гэта "вялікі дар Хрыста для Касцёла". Паводле яго, калі ідэя абнаўлення Касцёла звязана з іншым ладам жыцця святароў, то гэта "прыкмета таго, што губляецца вера, губляецца любоў, а гэта не вельмі добрая навіна". “Замест таго, каб крытыкаваць цэлібат, мы павінны цаніць яго і садзейнічаць пакліканням”, - лічыць прэфект.

Гаворачы аб ролі Святога Айца ў міжнароднай мірнай палітыцы, іерарх заўважыў, што "цяпер не час аслабляць Папу, крытыкуючы яго”. Наадварот, перакананы ён, “мы павінны аб'яднацца вакол яго і падтрымаць яго на яго пасадзе, дзеля адзінства Касцёла".

Раней кардынал Уэле звяртаў вагу на тое, што пасля Другога Ватыканскага Сабору Касцёл прадугледзеў сінадальныя структуры на ўсіх узроўнях, такія як святарскія і душпастырскія рады. Аднак не трэба блытаць гэта з дэмакратыяй. Існуе вялікая розніца паміж перакананнем у неабходнасці дзеючых кансультацыйных структур і пазіцыяй, згодна з якой біскупы павінны быць звязаны вынікамі галасавання: "Касцёл – іерархічны, ён – не дэмакратычны", - падкрэсліў адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў Папы.

78-гадовы кардынал Марк Уэле быў прэфектам Дыкастэрыі (раней Кангрэгацыі) па справах біскупаў з 30 чэрвеня 2010 года. 30 студзеня 2022 года Францішак прызначыў яго пераемнікам амерыканца, які працуе ў Перу, 67-гадовага арцыбіскупа Роберта Фрэнсіса Прэвоста.
 

21 лютага 2023, 10:37