Пошук

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас 

Нунцый ва Украіне: наша галоўная духоўная зброя – малітва

У гадавіну пачатку вайны каталіцкія біскупы Украіны сабраліся на малітоўнае чуванне ў марыйным санктуарыі ў Бярдзічаве. Да іх далучыўся арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, Апостальскі нунцый ва Украіне, які ў інтэрв'ю ватыканскім СМІ распавёў пра ваенныя пакуты і надзею на цуд Божы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тлумачачы, чаму ў гэты дзень яны будуць маліцца да Багародзіцы, іерарх спаслаўся на евангельскі ўрывак пра братэрства. Па яго словах, такія зразумелыя ва ўсім свеце праявы братэрства, як напаіць, накарміць, апрануць тых, хто ў патрэбе, наведаць хворага, “у многіх сітуацыях сталі немагчымыя”.

Арцыбіскуп Кульбокас распавёў, што ні яму, ні іншым святарам, манахам, валанцёрам, не ўдалося даставіць дапамогу на акупаваныя тэрыторыі, пры гэтым некаторыя з іх траплялі пад абстрэлы, як гэта адбылося, напрыклад, з кардыналам Краеўскім у мінулым верасні. "Ва ўмовах вайны нам не ўдаецца рэалізаваць Евангелле. Прынамсі, не ва ўсіх сітуацыях і не ва ўсіх рэгіёнах, - адзначыў нунцый, - Таму мы будзем маліцца Пану і Маці Божай, каб вярнулі нас у свет, створаны Богам, таму што свет, у якім мы жывем цяпер, створаны гвалтам, агрэсіяй, вайной, - гэта не Божы свет”.

Іерарх растлумачыў, што Кіеўская Русь была адной з першых краін, якая ў 1037 годзе была даручана заступніцтву Багародзіцы, у мінулым годзе Францішак абнавіў прысвячэнне Украіны і Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Малітва патрэбна таму, што “мы ясна бачым: за год інтэнсіўнай вайны не знойдзена рашэнняў, і застаецца толькі надзея на цуд Божы, застаецца толькі малітва, - гэта і ёсць наша галоўная духоўная зброя”, - адзначыў арцыбіскуп Кульбокас.

26 лютага 2023, 12:29