Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

СДМ у Лісабоне: сустрэчы аб прыгажосці і сутнасці святарства

"Блізкасць да Хрыста і жывыя адносіны з Богам – гэта ключ да святарства", - нагадаў кардынал Марк Уэле, які завяршае сваё служэнне ў якасці прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх анансаваў падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне серыю сустрэч аб прыгажосці і сутнасці святарства і кампанію па заахвочванні да рэалізацыі святарскага і манаскага паклікання.

Лісабонская ініцыятыва стане вынікам ватыканскага кангрэса на тэму святарства, матэрыялы якога былі апублікаваны нядаўна. На ім, у прыватнасці, гаварылася аб святарскай традыцыі і яе новых гарызонтах, аб святарскіх цэлібаце, харызме і духоўнасці.

"Кажучы пра святарства, мы не павінны забываць аб усеагульным святарстве ўсіх ахрышчаных, гэтая ідэнтычнасць усё яшчэ недастаткова раскрытая", - адзначыў кардынал Уэле.

"Наша мэта – адкрыць нанова ўніверсальнае святарства і дапамагчы свецкім вернікам зразумець сваю ідэнтычнасць, важную для іх місіі ў свеце, дзе праз любоў, веру і надзею яны падзяляюць сведчанне Хрыста і ўносяць свой уклад у будаўніцтва свету", - сказаў канадскі іерарх у інтэрв'ю Vatican News.

Ён адзначыў, што"разуменне гэтага важнае і для саміх святароў, якія абвяшчаюць Евангелле і здзяйсняюць сакрамэнты, каб усе ахрышчаныя маглі жыць у адзінстве з Хрыстом і, імкнучыся да святасці, аказваць уплыў на грамадства, у якім яны жывуць".

На ватыканскім кангрэсе таксама казалі пра злоўжыванні з боку святароў. “Было адзначана, што больш, чым кантроль, нам неабходна духоўнае фарміраванне, якое стварае жывыя адносіны з Богам. Менавіта адтуль чалавек атрымлівае ласку і дапамогу для маральных паводзін. А гэта аказвае ўплыў на ўсё служэнне", - патлумачыў кардынал Уэле.
 

28 лютага 2023, 11:13