Сінод: у Сальвадоры распачалася рэгіянальная асамблея
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пілігрымкай у капліцу святога Оскара Рамэра, забітага падчас святой Імшы ў 1980 годзе ў Сан-Сальвадоры, распачаўся першы дзень рэгіянальнай асамблеі цэнтральнаамерыканскіх Касцёлаў, адной з чатырох, запланаваных у рамках кантынентальнай фазы Сінода Біскупаў у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне.
На цырымоніі адкрыцця асамблеі прысутнічалі Апостальскі нунцый у Сальвадоры Луіджы Раберта Кона, арцыбіскуп Сан-Сальвадора Хасэ Луіс Эскабар Алас, старшыня канферэнцыі кансэкраваных асоб Сальвадора сястра Энрыкес, а таксама старшыня Біскупскай Рады Лацінскай Амерыкі (CELAM), арцыбіскуп Мігель Кабрэхас Відартэ.
Апошні ў сваім звароце да ўдзельнікаў асамблеі засяродзіў увагу на ролі каталіцкіх вернікаў у сінадальным працэсе, падкрэсліваючы "роўнасць усіх ахрышчаных" і прызнаючы "у народзе Божым суб'ект распазнавання". Акрамя таго, ён адзначыў, што "практыка распазнавання ў супольнасці неабходная для таго, каб расці ў сінадальнасці і рушыць разам як Касцёл", паколькі сінадальнасць "не з'яўляецца паняццем, якое неабходна вывучаць, а жыццём, якое трэба пражыць".