У Партугаліі трывае падрыхтоўка да СДМ
Ян Глінскі
Моладзевы форум адбудзецца дзякуючы фінансавай падтрымцы ўрада Антоніу Кошта, а таксама ўлад раёнаў Лісабона і Лурэш, дзе запланаваны асноўныя мерапрыемствы.
Паводле ацэнак арганізатараў, выдаткі на сёлетнія СДМ складуць 160 мільёнаў еўра. З дзяржаўных сродкаў будзе накіравана каля 80 мільёнаў еўра, рэшта сумы будзе знойдзена Касцёлам.
На падрыхтоўку алтара-сцэны, што ўсталююць у паўночнай частцы сталіцы, з дзяржаўных сродкаў будзе выдзелена звыш 4,2 мільёнаў еўра. Праектам прадугледжана, што ўнутры канструкцыі, між іншым, будзе знаходзіцца капліца. Як паведаміў мэр Лісабона Карлуш Муэдаш, плануецца, што аб’ект будзе выкарыстоўвацца і ў будучыні – для нерэлігійных мэтаў.
Адначасова мэр Лісабона чакае, што, дзякучы пілігрымам, партугальская сталіца заробіць каля 700 мільёнаў еўра, што павінна падтрымаць эканоміку горада.
У межах падрыхтоўкі да Сусветных дзён таксама адбылася акцыя экалагічнага характару: пастыр дыяцэзіі Порту, біскуп Мануэль Лінда і партугальская моладзь пасадзілі ў агламерацыі горада 150 дрэў.