Пошук

На вуліцах Джубы На вуліцах Джубы  (AFP or licensors)

Візіт Пантыфіка ў Паўднёвы Судан: пятніца – дзяржаўнае свята

У Джубе, сталіцы Паўднёвага Судана, ідзе падрыхтоўка да трохдзённага візіту Францішка ў гэтыя выхадныя. Урад прэзідэнта Салвы Кііра абвясціў пятніцу выхадным днём у гонар прыбыцця Папы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“У Джубу прыязджаюць тыя, хто можа дазволіць сабе падарожнічаць, як з усіх сямі дыяцэзій краіны, так і з Судана”, - сказаў агенцтву KNA ксёндз Джым Грын, які знаходзіцца ў Джубе. Па словах кіраўніка арганізацыі Салідарнасць з Паўднёвым Суданам, па колькасці людзей папскія мерапрыемствы могуць наблізіцца да святкаванняў незалежнасці, якія адбыліся пасля аддзялення ад Судана ў ліпені 2011 года. Візіт Францішка (3-5 студзеня 2023 года) стане “больш маштабным, чым любое публічнае мерапрыемства ў Джубе з таго часу”, - лічыць святар.

Паўднёвасуданскі грамадскі дзеяч Фэста Балі Крыстафер звярнуў увагу на асаблівы факт: “У мінулую суботу прэзідэнт Салва Кіір адкрыў новую асфальтавую дарогу да апостальскай нунцыятуры. Яе перайменавалі ў Дарогу Папы Францішка. Балі таксама чакае, што Францішак накіруе “пасланне надзеі” мільёнам людзей, вымушаных перасяліцца ў выніку канфлікту, і ахвяр насілля ў краіне.

Папа праводзіць сваю першую ў гэтым годзе замежную паездку. З аўторка ён знаходзіцца ў Кіншасе, сталіцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. З пятніцы па нядзелю ён наведае Паўднёвы Судан у кампаніі кіраўніка Сусветнай англіканскай супольнасці, Архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі і мадэратара Генеральнай асамблеі Прэсвітэрыянскай Царквы Шатландыі, пастара Іэна Грыншылдса. Падарожжа ўжо назвалі экуменічнай пілігрымкай міру.

Разам з пратэстанцкімі іерархамі Пантыфік сустрэнецца ў Джубе з унутрана перамешчанымі асобамі. У суботу запланавана супольная экуменічная малітва ў парку Маўзалея Джона Гаранга. У нядзелю там жа запланавана Імша з удзелам Францішка.

Тым часам сілавікі краіны рыхтуюцца да візіту. Кіраўнік Сіл народнай абароны Паўднёвага Судана, генерал Санціна Дэнг Вол заявіў EyeRadio, што паліцыю падтрымліваюць вайскоўцы. Яны гарантуюць бяспеку Папы, рэлігійных лідараў і вернікаў “ва ўсіх кутках сталіцы”.

Для ўдзелу ў папскіх мерапрыемствах у Паўднёвы Судан збіраюцца прыехаць палітыкі з іншых афрыканскіх краін.
 

02 лютага 2023, 10:25