COMECE абярэ новае кіраўніцтва
Ян Глінскі
22 сакавіка прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый Еўрасаюза сустрэнуцца з Папам. У гэты ж дзень будзе абраны наступнік люксембургскага кардынала Жана-Клода Олерыша, які быў абраны ў 2018 годзе і кіраваў COMECE у гістарычна няпросты перыяд, пазначаны такімі падзеямі як Brexit (выйсце Вялікабрытаніі са структур Еўрасаюза), пандэмія COVID-19 і ўварванне Расіі ва Украіну.
Дэлегаты абяруць новага старшыню і чатырох яго намеснікаў на новы пяцігадовы тэрмін з 2023 па 2028 гады. Пры абранні віцэ-старшыняў будзе ўлічвацца геаграфічная разнастайнасць Біскупскіх Канферэнцый Еўрасаюза. На сёння намеснікамі старшыні з’яўляюцца біскуп Марыяна Крачата (Італія, першы віцэ-старшыня), біскуп Ян Вокал (Чэхія) і біскуп Франц-Ёзэф Авэрбэк (Германія). Біскупа Ноэля Трэнара з Ірландыі, былога віцэ-старшыню COMECE, у лістападзе 2022 года Папа Францішак прызначыў апостальскім нунцыем пры Еўрасаюзе.
22 сакавіка біскупы краін Еўрасаюза сустрэнуцца таксама з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы.
23 сакавіка новае кіраўніцтва і ўсе дэлегаты епіскапатаў краін Еўрасаюза, а таксама члены сакратарыяту COMECE і іх сем’і будуць прынятыя Францішкам. Аўдыенцыя стане магчымасцю абмеркаваць са Святым Айцом некаторыя з найбольш важных тэм для Еўропы, з асаблівым акцэнтам на спрыянне міру, міграцыйную палітыку ЕС і выбары ў Еўрапейскі парламент у 2024 годзе.
У гэты ж дзень біскупаў чакае сустрэча з паслом Еўрапейскага Саюза пры Святым Пасадзе Аляксандрай Валкенбург, а таксама з сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. Вечарам удзельнікі форуму наведаюць Канферэнцыю біскупаў Італіі.
24 сакавіка будуць абраныя старшыні камісій COMECE: прававой, па сацыяльных справах і знешніх дзеяннях ЕС. На заканчэнне сходу запланавана сустрэча з віцэ-прэм'ерам Італіі, міністрам замежных спраў Антоніа Таяні.