Пошук

Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у партугальскай Фаціме Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у партугальскай Фаціме   (ANSA)

Фацімскі санктуарый атрымаў прыбытак у мільён еўра

У 2022 годзе санктуарый Маці Божай Ружанцовай у партугальскай Фаціме атрымаў прыбытак у памеры 18,7 мільёнаў еўра, у той час як яго выдаткі склалі 17,7 мільёнаў еўра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Робячы справаздачу, мясцовы рэктар, ксёндз Карлас Кабесіньяс адзначыў, што прыбытак у 1 мільён еўра стаў вынікам, у прыватнасці, адсутнасці санітарных абмежаванняў пасля эпідэміі COVID-19, а таксама паслядоўнага павелічэння колькасці пілігрымаў.

Ён нагадаў, што ў 2021 годзе санктуарый атрымаў 15,2 мільёнаў еўра ахвяраванняў, а выдаткі склалі 14 мільёнаў еўра. Партугальскі святар адзначыў, што да пандэміі, у 2019 годзе, паступленні былі значна вышэйшыя – 20,3 мільёнаў еўра. Ён ацаніў тагачасны прыбытак санктуарыя Маці Божай Ружанцовай амаль у 1,5 мільёна еўра.

Ксёндз Кабесіньяс паведаміў, што ў першы год пандэміі паступленні скараціліся на 53,7 працэнта. Па словах рэктара, асноўнай прычынай зніжэння ахвяраванняў стала ўвядзенне строгіх санітарных абмежаванняў у месцах культу, што рэзка скараціла колькасць пілігрымаў. “Без іх прысутнасці цяжка (...), таму што санктуарый працуе дзякуючы пілігрымам і для іх”, - звярнуў увагу партугальскі святар.
 

01 сакавіка 2023, 11:31