Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Германіі ігнаруе заўвагі з Ватыкана

Заключнае пятае пленарнае пасяджэнне Сінадальнага шляху ў Германіі адзначаецца моцным напружаннем. Форум праходзіць у Франкфурце на Майне і завершыцца 11 сакавіка 2023 года.

Ян Глінскі

Амаль 230 чалавек, у тым ліку 69 нямецкіх біскупаў і столькі ж прадстаўнікоў з Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў, а таксама дэлегаты гэтых органаў працягваюць дэбаты на тэму рэформы Каталіцкага Касцёла ў Германіі.

Нагадаем, нямецкі сінадальны шлях стаў прадметам рэзкай крытыкі з боку Папы і трох ватыканскіх кардыналаў.

Многія дэлегаты, – як з боку біскупаў, так і свецкіх, – указваюць на вельмі напружаную атмасферу ў гэтыя дні. Прэзідыум сінадальнага шляху, у тым ліку старшыня епіскапату біскуп Георг Бэтцынг і старшыня Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў Ірмэ Штэтэр-Карп, перад самым пачаткам пленарнага пасяджэння адзначылі, што, нягледзячы на актуальныя перашкоды, хочуць “падрыхтаваць Касцёл да будучыні, каб ён зноў служыў людзям, а не самой установе”.

Віцэ-старшыня нямецкага каталіцкага епіскапату біскуп Франц-Ёзэф Бодэ прызнаў, што дэлегаты пачулі сігналы асцярогі з Рыма, але, на яго думку, гэты непакой беспадстаўны. Раней ён анансаваў, што сінадальны шлях будзе патрабаваць іншага стаўлення да асобаў з “рознай сексуальнай ідэнтычнасцю”, а таксама будзе імкнуцца да дыяканату жанчын, а восенню хоча вынесці на парадак дня рымскага сінода пытанне святарства жанчын. Як сцвярджаюць члены прэзідыума, нямецкі фармат пасяджэння мае вялікую падтрымку сярод многіх католікаў свету.

Іншай думкі прытрымліваюцца крытыкі сінадальнага шляху. Нядаўна з яго выйшлі пяць дэлегатаў, у тым ліку асобы вядомыя ў Германіі: прафесар тэалогіі Марыяна Шлёсэр і прафесар філасофіі Ханна Барбара Герл-Фальковіц. Як яны падкрэслілі, сінадальны шлях не рэагуе належным чынам на папераджальныя сігналы з Ватыкана і ўвыніку аддаляецца ад паўсюднага Касцёла. Акрамя гэтага, некаторыя біскупы прапаноўвалі вярнуцца да тайнага галасавання, бо адчувалі ціск з боку большасці, аднак прэзідыум адхіліў іх просьбу.

У бліжэйшыя дні дэлегаты будуць галасаваць адносна дзесяці прапаноў, між іншым, пра цэлібат, благаслаўленне гомасексуальных пар і святарства жанчын. Нягледзячы на заўвагі з Ватыкана, на заканчэнне пасяджэння будзе заснавана камісія, неабходная для стварэння пастаяннай сінадальнай рады як кансультатыўнага і прымаючага рашэнні органа, незалежнага ад дыяцэзіяльных біскупаў.
 

10 сакавіка 2023, 09:07