Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскупская канферэнцыя запрасіла вернікаў да Духоўнага ўсынаўлення – малітвы за ненароджанае дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. У пастырскім лісце на ўрачыстасць Звеставання Пана, якое адзначаецца 25 сакавіка 2023 года, каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да ўсіх, "для каго чалавечае жыццё – гэта святы дар, дадзены чалавеку Богам", і адзначылі, што "неабходна, каб усе маліліся разам: духавенства і свецкія вернікі".

Ва ўрачыстасць святога Юзафа ў Мінску адзначылі імяніны арцыбіскупа Станеўскага. 20 сакавіка 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў дзве святочныя цэлебрацыі ў катэдральным касцёле. Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі падчас вячэрняй святой Імшы выказаў архіпастыру пажаданне, каб Дух Святы і надалей умацоўваў і натхняў яго ў пастырскім служэнні, каб мноства добрых спраў, ім здзейсненых, "памнажалася і служыла на карысць народу Божаму і дзеля славы Касцёла і архідыяцэзіі".

Парафіяльны фэст ва ўрачыстасць святога Юзафа ў Маладзечне адзначылі з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага. 20 сакавіка 2023 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў прамоўленай гаміліі звярнуў увагу на асобу святога Юзафа, чыё заступніцтва дапамагае вернікам у штодзённых клопатах і справах.

Кансэкраваныя асобы Беларусі пазнаёміліся з новай дысцыплінай – кіберпсіхалогіяй. 20 сакавіка 2023 года ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сустрэча адбылася ў межах адукацыйнага праекту, скіраванага на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні па праектных напрамках: праца з моладдзю, сем’ямі, сродкамі масавай інфармацыі, прафесійнае душпастырства і катэхізацыя.

Выйшла кніга кусташа тракельскага санктуарыя. Выданне з’яўляецца публікацыяй новуковага даследавання Літургічная рэформа i аднаўленне на тэрыторыi Гродзенскай дыяцэзii пасля Другога Ватыканскага Сабора, праведзенага ксяндзом канонікам Юрыем Бяганскім. Кніга распавядае пра літургію і яе значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла, закранае такія тэмы, як эўхарыстычны культ па-за святой Імшой.

У Мёрах адбылася сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. У спатканні 18 сакавіка 2023 года ў мясцовай парафіі прынялі ўдзел куратар груп Апостальства Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Славамір Самковіч, галоўная аніматарка Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Беларусі і галоўны рэдактар выдавецтва Про Хрысто спадарыня Аліна Новікава. Яна выступіла з канферэнцыяй і пазнаёміла прысутных з рэлігійнай літаратурай.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

25 сакавіка 2023, 10:02