Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў Caritas Беларусі адбыліся ў Сапоцкіне. 13-14 сакавіка 2023 года ў дыяцэзіяльным Доме міласэрнасці сабраліся супрацоўнікі гэтай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі з усіх дыяцэзій краіны. Духоўныя практыкаванні для тых, хто дапамагае патрабуючым, праводзіў пробашч парафіі святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне айцец Андрэй Агель.

У Мінску праходзіць велікапоснае чуванне моладзі. У ноч на 19 сакавіка 2023 года ў катэдральны касцёл запрасілі ўсіх ахвотных юнакоў і дзяўчат на сустрэчу па тэме Ці ведала Ты, Марыя? У праграме чування – святая Імша, малітва Псальмамі, праца ў групах, Крыжовы шлях, адарацыя.

На пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі разгледзелі шэраг актуальных пытанняў. На сустрэчы 15 сакавіка 2023 года біскупы прызначылі прадстаўніка Касцёла ў Беларусі для удзелу ў чарговым этапе Сіноду, які пройдзе ўвосень у Рыме, – біскупа Аляксандра Яшэўскага. Іерархі абмеркавалі праграму святкавання 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, прапановы правядзення канферэнцый у каталіцкіх навучальных установах на тэму сёлетняга пастырскага года. Таксама біскупская канферэнцыя абмеркавала ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Лісабоне.

Маці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага пахавалі ў Заневічах Бераставіцкага дэканату. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі сам узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якая прайшла 13 сакавіка 2023 года пры вялікай колькасці духавенства. Развітацца са спачылай Гэленай прыбылі, у тым ліку, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, старшыня біскупскай Канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі.

Падчас сёлетняга Вялікага посту ў сеціве з’явіўся новы хрысціянскі рэсурс – сайт Катэхет, распрацаваны Катэхетычнай секцыяй пры Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi. Гэтая платформа была створана спецыяльна для катэхетаў, навучэнцаў, iх бацькоў i ўсiх зацiкаўленых з мэтаю больш зручнага карыстання катэхетычнымi праграмамi, метадычнымi рэкамендацыямi i напрацоўкамi. Таксама гэта віртуальная прастора, дзе ў адным месцы будуць збiрацца важныя і карысныя для катэхетаў матэрыялы.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

18 сакавіка 2023, 08:28