Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Біскуп: хрысціяне Ірака прагнуць быць паўнапраўнымі грамадзянамі

Падзенне рэжыму Садама Хусэйна не змяніла сітуацыю хрысціян у Іраку, – падкрэсліў сірыйскі каталіцкі арцыбіскуп Натанаэль Нізар Вадзіх Сэман падчас візіту ў сядзібу Дапамогі Касцёлу ў патрэбе у Мюнхене.

Ян Глінскі

Хрысціяне ў Іраку, як адзначыў іерарх, надалей адчуваюць сябе людзьмі другой катэгорыі. “Мы хочам канстытуцыю, якая абапіраецца на гуманнасці, а не на рэлігіі”, - сказаў сірыйскі арцыбіскуп 29 сакавіка 2023 года. Як ён патлумачыў, калі канстытуцыя базуецца на пэўнай рэлігіі, то дзейнічаць можна, кіруючыся прынцыпамі гэтай рэлігіі. Але “не гэтага хочуць хрысціяне: яны перш за ўсё хочуць, каб да іх ставіліся як да жыхароў Ірака”.

Арцыбіскуп Нізар з’яўляецца кіраўніком сірыйска-каталіцкай архідыяцэзіі Адыябэна-Эрбіль, якая знаходзіцца ў горадзе Эрбіль, сталіцы іракскага Курдыстана. Як сцвердзіў іерарх, хрысціяне спрабуюць наладзіць добрыя адносіны з цэнтральным урадам і курдскай адміністрацыяй, і просяць толькі аб тым, каб іх чалавечая годнасць шанавалася гэтаксама, як усіх іншых іракцаў.

Аўтары справаздачы Дапамогі Касцёлу ў патрэбе, апублікаванай пад назвай Пераследаваныя і забытыя, называюць супярэчлівай актуальную канстытуцыю Ірака, якая дзейнічае з 2005 года. З аднаго боку, яна абараняе рэлігійныя правы хрысціянаў і іншых меншасцяў, але з іншага, акрэслівае “іслам як дзяржаўную рэлігію і крыніцу заканадаўства”.

Пераход з ісламу ў хрысціянства ў Іраку забаронены законам. Хрысціяне па-ранейшаму адчуваць дыскрымінацыю ў пытаннях маёмасці і на працоўным месцы, а таксама на дзяржаўных пасадах. Акрамя гэтага, існуе пастаянная пагроза з боку часова неактыўных ячэек тэрарыстычнай групоўкі Ісламская дзяржава.

Адначасова ў дакуменце сцвярджаецца, што іракскі ўрад працягнуў руку хрысціянам і іншым рэлігійным меншасцям. Напрыклад, з 2020 года ўрачыстасць Божага Нараджэння ва ўсёй краіне з’яўляецца святочным днём. Знакавым таксама быў візіт Францішка ў Ірак у сакавіку 2021 года, які даў надзею мясцовым хрысціянам.

Паводле ацэнкі Дапамогі Касцёлу ў патрэбе, на сёння колькасць хрысціянаў у Іраку складае 150 тысяч, у той час як у 2014 годзе іх было прыблізна ў два разы болей. Менавіта тады групоўка Ісламская дзяржава пачала генацыд хрысціянскай меншасці, з-за чаго дзясяткі тысяч паслядоўнікаў Хрыста вымушаны былі бегчы з краіны.
 

01 красавіка 2023, 07:51