Біскуп: вялікія выдаткі на СДМ у Лісабоне – гэта інвестыцыя
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Маладыя людзі ва ўсім свеце пакутавалі ад абмежаванняў, накладзеных пандэміяй каронавіруса. Цяпер мы хочам даць ім магчымасць здзейсніць падарожжа і сустрэцца тварам у твар з іншымі”, - сказаў старшыня камісіі па падрыхтоўцы буйнейшага каталіцкага моладзевага форума, які адбудзецца 1-6 жніўня 2023 года ў партугальскай сталіцы.
У інтэрв’ю кёльнскаму інтэрнэт-парталу domradio.de іерарх падкрэсліў, што “мы павінны разглядаць гэтыя выдаткі як інвестыцыю”. Ён выказаў спадзяванне на тое, што канчатковы фінансавы баланс будзе станоўчым, бо сотні тысяч людзей, якія наведаюць Лісабон, будуць выдаткоўваць грошы на жыллё, ежу і транспарт.
На працягу апошніх месяцаў у Партугаліі трываюць дэбаты на тэму фінансавання Сусветных дзён моладзі, выкліканыя цяжкай эканамічнай сітуацыяй у краіне. Улады вырашылі скараціць дзяржаўныя выдаткі да 20 мільёнаў еўра. Першапачаткова арганізатары меркавалі, што на правядзенне форума спатрэбіцца 79 мільёнаў еўра публічных сродкаў, з якіх дзяржаўная субсідыя павінна была скласці 36,5 мільёнаў еўра.