Касцёл у Францыі рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гаворка ідзе ў першую чаргу пра душпастырскую прысутнасць. Мясцовы Касцёл шукае магчымасці арганізаваць кругласутачную службу капеланаў у Алімпійскай вёсцы, дзе мяркуецца стварыць міжрэлігійнае месца для малітвы. Больш за дзясятак парафій у дыяцэзіях Парыжа і Сен-Дэні будуць рэалізаваць душпастырскія ініцыятывы для спартсменаў і балельшчыкаў. Плануецца падрыхтаваць праекты па прасоўванні гасціннасці, братэрства і чалавечай годнасці.
Асобным сектарам падрыхтоўкі сталі намаганні па забеспячэнні таго, каб найбольш уразлівыя слаі насельніцтва не былі выключаны з Алімпійскіх гульняў, - адзначыў біскуп Эмануэль Габіяр, пастыр дыяцэзіі Дзінь і дэлегат Святога Пасада на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
"Мы хочам паслаць пазітыўны сігнал з нашага боку ўраду і прэфектуры аб гатоўнасці дапамагаць. (...) З іншага боку, мы імкнёмся да таго, каб больш бедная і слабая аўдыторыя таксама змагла наведаць гульні, спрабуем атрымаць для іх каля ста месц на ўсе мерапрыемствы. Тут мы звяртаемся па дапамогу як да аргкамітэта Алімпійскіх гульняў, так і да спонсараў", - падзяліўся іерарх.
На днях Папа Францішак звярнуўся да французскіх католікаў са спецыяльным пасланнем, у якім заклікаў іх адкрыць свае храмы і сэрцы для спартсменаў і балельшчыкаў. Святы Айцец таксама папрасіў не выключаць бедных і хворых з гэтага вялікага свята спорту.