Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©WaitforLight - stock.adobe.com)

Кітай: гістарычны візіт біскупа Ганконга ў Пекін

Біскуп Ганконга Стывен Чоу Сау-ян з 17 красавіка 2023 года знаходзіцца ў Пекіне. Шматдзённы візіт з'яўляецца гістарычным, першым з 1997 года, калі Ганконг зноў стаў часткай Кітая.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх знаходзіцца па запрашэнні афіцыйных касцёльных структур Пекінскай архідыяцэзіі. Пасля прыбыцця ў кітайскую сталіцу біскуп Чоу маліўся ў архікатэдры Беззаганнага Зачацця, дзе яго вітаў мясцовы арцыбіскуп Джозэф Лі Шань, які ўзначальвае Патрыятычную асацыяцыю кітайскіх католікаў. Ля алтара быў змешчаны партрэт знакамітага італьянскага місіянера-езуіта Матэа Рычы (1552-1610), піянера інкультурацыі хрысціянства ў Кітаі.

“Гэты візіт падкрэслівае місію Ганконгскай дыяцэзіі заставацца касцёлам-мостам і спрыяць абмену і ўзаемадзеянню паміж двума бакамі. Мы атрымалі запрашэнне ад Пекінскай архідыяцэзіі ў мінулым годзе і прынялі яго ў духу братэрства ў Пану", - гаворыцца ў заяве Ганконгскай дыяцэзіі.

Біскуп Чоу і іншыя члены дэлегацыі сустрэнуцца з кітайскімі біскупамі, духавенствам і свецкімі вернікамі. Яны наведаюць нацыянальную духоўную семінарыю ў Пекіне, магілу айца Матэа Рычы, прымуць удзел у Нешпарах і Імшы ў архікатэдры. Візіт завершыцца ў гэту пятніцу, 21 красавіка 2023 года.
 

19 красавіка 2023, 10:01