Пошук

Кантынентальная сінадальная асамблея ў Багаце Кантынентальная сінадальная асамблея ў Багаце 

Лацінская Амерыка: сінтэз кантынентальнага этапу Сінода

31 сакавіка 2023 года быў абнародаваны сінтэз кантынентальнага этапу Сінода Біскупаў па сінадальнасці ў краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дакумент пад назвай Касцёл сінадальны, які слухае ўсіх з’яўляецца плёнам працэсу, які пачаўся ў 2022 годзе. Затым была створана камісія для правядзення кантынентальнага этапу, які – пачынаючы з парафіяльнага ўзроўню – дайшоў да рэгіянальных асамблей у лютым і сакавіку 2023 года; у іх прынялі ўдзел 415 дэлегатаў з усёй Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

У тэксце падкрэсліваецца: “саборнае, сінадальнае і калегіяльнае жыццё ў нашым Касцёле мае доўгую гісторыю”, гэта шлях, які пачаўся ў 1955 годзе, калі ў Рыа-дэ-Жанейра прайшла першая Генеральная канферэнцыя лацінаамерыканскага епіскапату, на якой стварылі Біскупскую раду Лацінскай Амерыкі (CELAM). Апошнімі важнымі вяхамі на гэтым шляху былі генеральная асамблея CELAM у Апарэсідзе ў 2007 годзе і Касцёльная асамблея ў 2021 годзе.

У 2019 годзе Францішак прапанаваў падрыхтаваць першую Касцёльную асамблею для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, “настойваючы на тым, каб гэта была сустрэча не толькі біскупаў, але ўсяго святога вернага народа Божага”, пасля чаго “гэты беспрэцэдэнтны вопыт, плён Спаслання Духа, быў рэалізаваны ў разгар пандэмічнага крызісу і стаў, у часы пакут і смерці, прароцкім знакам жывога і блізкага Касцёла”.

Адштурхоўваючыся ад гэтага гістарычнага шляху, “мы хацелі спалучыць новы працэс з рэгіянальным вопытам і ў той жа час паспрыяць сінадальнасці ўсяго Касцёла ў найноўшай гісторыі, ведаючы, што менавіта Дух тчэ гармонію”, - напісалі аўтары сінтэзу.

У дакуменце падкрэсліваецца, што “місія заключаецца ў радасным і бескарыслівым абвяшчэнні Езуса Хрыста і Яго пасхальнай таямніцы ўсяму чалавецтву, у міжкультурных адносінах, таму што яны ўпісаны ў плюралістычны і разнастайны свет”.

Таму, на думку аўтараў, "важна мець смеласць у Сінадальным працэсе заняцца і прааналізаваць вялікія тэмы, аб якіх часта забываюцца і адхіляюць", што тычацца бедных, гомасексуалістаў, пар у паўторных саюзах, святароў, якія хацелі б вярнуцца ў Касцёл у новым статусе, жанчын, якія зрабілі аборт з прычыны страху, зняволеных, хворых і іншых.

Гаворка ідзе пра “сумеснае хаджэнне ў Касцёле сінадальным, які выслухоўвае рознага роду выгнаннікаў, каб яны адчувалі сябе як дома”, Касцёле, які з’яўляецца “прытулкам для параненых і зламаных”, што азначае “выйсці насустрач, надаваць нашу ўвагу, наша ўключэнне”. Сінадальнасць – гэта не чаканне, пакуль людзі самі прыйдуць, але наш выхад ім насустрач, - гаворыцца ў сінтэзе кантынентальнага этапу Сінода краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна

Падкрэсліваецца таксама роля свецкіх, асабліва жанчын, у перадачы веры, але адзначаецца, што “часам існуе адчуванне напружанасці з боку духавенства, якое прыпісвае сабе адказнасць за кіраўніцтва ўсёй евангелізацыйнай дзейнасцю ў супольнасці".
 

04 красавіка 2023, 11:15