Opus Dei распачынае надзвычайны кангрэс у Рыме
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У асамблеі будуць браць удзел 274 прадстаўнікі арганізацыі: 126 жанчын і 148 мужчын, з якіх 90 – святары. Дэлегаты прыбудуць з пяці кантынентаў: Афрыкі (6,6%), Амерыкі (36%), Азіі (6,2%), Еўропы (50%) і Акіяніі (1,1%). Распачнецца форум святой Імшой, падчас якой члены Opus Dei будуць прасіць аб дапамозе Святога Духа. Узначаліць літургію прэлат аб’яднання, ксёндз Фернанда Акарыс.
Мэта кангрэса – унесці змены ў статут Opus Dei у адпаведнасці з апостальскім лістом Францішка Ad charisma tuendum (Каб захаваць харызмат). У гэтым лісце, апублікаваным 22 ліпеня 2022 года, Папа паведаміў аб перадачы пытанняў, звязаных з прэлатурай, у кампентэнцыю Дыкастэрыі па справах духавенства, а таксама аб тым, што прэлату Opus Dei больш не будзе надавацца біскупская годнасць.
Вынікі прац кангрэса будуць прадстаўлены Дыкастэрыі па справах духавенства. Затым Святы Пасад паведаміць пра канчатковыя змены ў статуты Opus Dei, зацверджаныя Папам.
Opus Dei дапамагае сустрэць Езуса і дасягнуць да святасці ў звычайным жыцці: выконваючы працоўныя, сямейныя і грамадскія абавязкі. Сёння да прэлатуры належыць 93 600 чалавек, 60% з якіх – жанчыны. Арганізацыю заснаваў у 1928 годзе іспанскі святар, святы Хасэмарыя Эскрыва.