Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Спевам на харвацкай мове вернікі Ліды сустракалі Апостальскага нунцыя. 16 красавіка 2023 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у мясцовай парафіі Божай Міласэрнасці, дзе на свята сабраліся больш за паўтысячы чалавек. Прадстаўнік Папы Францішка ўпершыню як біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі і назваў сябе шчаслівым з-за таго, "што гэта адбываецца тут, у Лідзе, у Беларусі". У гаміліі ён запрасіў кандыдатаў "будаваць новы свет: свет без войнаў, свет, які прымае ўсіх без адрознення, перш за ўсё свет, які прымае бедных і адкінутых". Праз іерарха лідскія вернікі перадалі Папу Францішку запрашэнне наведаць Беларусь.

У нядзелю Божай Міласэрнасці арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў парафіяльную ўрачыстасць у Асіповічах. 16 красавіка 2023 года ў святкаванні разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім акрамя мясцовых вернікаў узялі ўдзел госці з Бабруйска, Любані, Мінска, Слуцка, Старых Дарог і з іншых мясцін. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што "Божая Міласэрнасць з’яўляецца заданнем для кожнага: мы павінны сведчыць аб Божай Міласэрнасці ў асяроддзі, у якім знаходзімся, у адносінах да людзей, якіх ставіць на нашым шляху Божы Провід".

На Велікодныя святы ў Стоўбцах вернікі падаравалі радасць асаблівым дзецям. У парафіі святога Казіміра на Пасхальным тыдні прайшла акцыя, у межах якой члены парафіяльнай суполкі Caritas падрыхтавалі больш за 80 святочных набораў для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця. Далучыліся да акцыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Падарункі ўручылі ў Цэнтры Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, у аддзяленні дзённага знаходжання, а некаторым дзецям наборы завезлі дадому.

У Віцебску ўзнагародзілі пераможцаў V Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання. Фінал конкурсу, у якім першапачаткова ўдзельнічалі 220 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, адбыўся 15 красавіка 2023 года ў катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага. Фіналістамі сталі 56 дзяцей, сярод якіх вызначылі 6 пераможцаў. Святую Імшу для ўдзельнікаў конкурсу, арганізаванага дыяцэзіяльным Caritas, цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У той жа дзень у Мінску адбылася малітва праслаўлення з удзелам вялікай колькасці дзяцей. У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры 15 красавіка 2023 года сабралі дзяцей з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Звыш 14 музычных гуртоў, ансамбляў і хораў, у тым ліку з праваслаўнага прыходу, сустрэліся, каб разам спяваць і маліцца, просячы аб Божай Міласэрнасці для ўсяго свету. У сустрэчы ўдзельнічаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначыў, што капліца Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра яшчэ не бачыла такой вялікай колькасці дзяцей.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

22 красавіка 2023, 09:17