Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Венгрыя напярэдадні візіту Францішка

Перад візітам Папы ў Будапешт прэс-сакратар венгерскага епіскапату правёў сустрэчу з журналістамі і адказаў у тым ліку і на складанае пытанне: чаму Касцёл устрымліваецца ад крытыкі палітычнай сітуацыі ў краіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Каталіцкі Касцёл у Венгрыі не з'яўляецца незалежным у сваім фінансаванні", - нагадаў ксёндз Чаба Торок, які таксама з'яўляецца адміністратарам катэдральнай парафіі ў Эстэргоме. "Школы, інстытуты, бальніцы і нават дыяцэзіі фінансуюцца дзяржавай. (...) Калі ўрад стане "ворагам Касцёла", то Касцёл можа збанкрутаваць у лічаныя месяцы. (...) Таму магчымасці для манеўру абмежаваныя. (...) Але калі казаць пра Касцёл як пра супольнасць вернікаў, то існуе мноства ініцыятыў, якія спрабуюць даць евангельскі адказ на сітуацыю", - адзначыў прадстаўнік венгерскага епіскапату.

Ён таксама адзначыў, што католікі спрабуюць навесці масты да праваслаўя. У кантэксце вайны Расіі з Украінай застаюцца адкрытыя пытанні. На думку святара, здагадкі аб тым, што Францішак падчас сваёй паездкі ў Венгрыю можа сустрэцца з Патрыярхам Кірылам, не рэалістычныя, але мір і дыялог з'яўляюцца аднымі з цэнтральных тэм візіту.

Што тычыцца пытання міграцыі па так званым Балканскім маршруце, ксёндз Торок растлумачыў: "Каталіцкі Касцёл вельмі ціхі, але многія католікі працуюць у НДА і спрабуюць дапамагчы”, хоць урад, які ўзначальвае Віктар Орбан, ужо шмат гадоў займае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да мігрантаў з Афрыкі і Азіі. Краіна нашмат больш гасцінна ставіцца да ўцекачоў з сваёй хрысціянскай суседкі Украіны.

Францішак будзе знаходзіцца ў сталіцы Венгрыі з 28 па 30 красавіка 2023 года – другі раз за свой дзесяцігадовы пантыфікат. Дэвіз візіту: Хрыстус – наша будучыня.
 

19 красавіка 2023, 10:37