Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Брэсце з удзелам Апостальскага нунцыя адзначаюць урачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. 27 мая 2023 года ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа свята пачалося грэка-каталіцкім набажэнствам, затым у праграме – святая Імша, цэлебрацыю якой запрасілі ўзначаліць арцыбіскупа Антэ Ёзіча, а пасля – канцэрт арганнай музыкі. Падчас урачыстасці прадстаўнік Папы Францішка таксама благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва касцёла святога Казіміра, які ўзводзіцца ў Брэсце.

Тры святары затрыманы ў Віцебскай дыяцэзіі. Паводле паведамлення курыі, 25 мая 2023 года праваахоўныя органы затрымалі дэкана мёрскага, ксяндза Андрэя Куліка; пробашча з Ідолты, ксяндза Вячаслава Адамовіча і пробашча полацкай грэка-каталіцкай парафіі, айца Аляксандра Шаўцова. Курыя заахвоціла вернікаў да малітвы ў інтэнцыі хутчэйшага вызвалення святароў. У чым іх абвінавачваюць і іншыя абставіны пераследу пакуль невядомыя. Неафіцыйна паведамлялася, што ў святароў канфіскавалі камп’ютэры і тэлефоны.

Апублікавана праграма ўрачыстасцяў у Будславе, якія ў 2023 годзе пройдуць 30 чэрвеня – 1 ліпеня. Фэст у Нацыянальным санктуарыі запланаваны пад дэвізам Марыя – Каралева Беларусі па звычайным сцэнарыі: са святой Імшой для пілігрымаў і начной працэсіяй у пятніцу, Імшой апоўначы і галоўнай Імшой у суботу. Сёлета свята стане асаблівым – будзе адзначацца 25-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. На ўрачыстасці прыедзе спецыяльны пасланнік Папы Францішка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

У мінскай архікатэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў Першую Камунію больш за паўсотні дзяцей. 21 мая 2023 года арцыбіскуп-эмерыт цэлебраваў святую Імшу і падчас гаміліі падкрэсліў, што "як штодзённы пасілак патрэбны для таго, каб мы маглі фізічна жыць, таксама патрэбны і духоўны пасілак, каб мы маглі жыць духоўна – гэтым пасілкам з’яўляецца святая Камунія". Заслужаны іерарх заклікаў дзяцей як мага часцей прымаць удзел у Імшы і прыступаць да святой Камуніі, а бацькоў дапамагаць ім у гэтым.

Сустрэча духавенства і свецкіх катэхетаў прайшла ў Тракелях. 22 мая 2023 года ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў. Сустрэча стала нагодай падзякаваць Пану за 32 гады біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча i 47 гадоў з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння. Іерарх цэлебраваў святую Імшу падзякі за гэтыя дары, а таксама за катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.

Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам у Шаркаўшчыне. У мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа 21 мая 2023 года ардынарый Віцебскай дыяцэзіі цэлебраваў святую Імшу і падчас гаміліі звярнуў увагу на дары, якія Дух Святы прыносіць у гэтым сакрамэнце. Таксама падчас урачыстасці біскуп благаславіў новы галоўны алтар у святыні і копію абраза Маці Божай Браслаўскай – Валадаркі азёраў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

27 мая 2023, 10:36