Пошук

Ян Павел II падчас візіту на Сіцылію ў 1993 годзе Ян Павел II падчас візіту на Сіцылію ў 1993 годзе 

Трыццаць гадоў таму Ян Павел ІІ асудзіў мафію

9 мая 2023 года спаўняецца 30 гадоў з моманту прамовы Яна Паўла ІІ на Сіцыліі, у якой ён рэзка асудзіў мафію і нагадаў яе босам, што пасля смерці яны адкажуць за свае злачынствы перад Богам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэтыя словы ўрэзаліся ў сумленне сіцылійцаў і паклалі пачатак доўгаму працэсу, які працягваецца дагэтуль, - падкрэсліў арцыбіскуп Алесандра Даміяна, які 7 мая 2023 года ўзначаліў Эўхарыстыю ў памяць візіту святога Папы ў Агрыджэнта.

“Тыя, у каго на сумленні столькі смерцяў, павінны разумець, што нельга забіваць невінаватых. Аднойчы Бог сказаў: Не забі! І ні чалавек, ні нейкая чалавечая арганізацыя, мафія, не могуць змяніць або растаптаць гэты найсвяцейшы закон Божы - сказаў тады Ян Павел ІІ. - Гэты народ, сіцылійскі народ, які так прывязаны да жыцця, народ, які любіць жыццё і дае жыццё, не можа жыць пад пастаянным ціскам цывілізацыі, якая яму супрацьстаіць, пад ціскам цывілізацыі смерці. Тут патрэбна цывілізацыя жыцця. У імя Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага, таго Хрыста, Які ёсць жыццём, дарогай і праўдай, я кажу адказным: навяртайцеся, бо аднойчы прыйдзе Божы суд”.

Як распавёў Vatican News арцыбіскуп Агрыджэнта, гэтыя словы Ян Павел ІІ сказаў не толькі пад уражаннем ад унікальных пейзажаў Даліны Храмаў, якія сведчаць аб шматвяковай цывілізацыі, але і пасля таго, што ён перажыў падчас сустрэчы з бацькамі забітай тры гады раней маладой законніцы Разарыі Анжэлы Ліваціна, якую затым Папа Францішак залічыў да благаслаўлёных.

Варта нагадаць, што мафія хутка ўсвядоміла магчымыя наступствы слоў Яна Паўла ІІ. Яе рэакцыя не прымусіла сябе чакаць. У ліпені 1993 года яна здзейсніла ў Рыме выбухі ў базіліцы святога Яна Латэранскага і касцёле святога Георгія на Велабруме. У верасні таго ж года быў забіты ксёндз Піна Пулізі.

З тых часоў мафія змяніла свае метады, але не перастала існаваць. Як сведчаць прызнанні мафіёзі і пратаколы праслухоўвання, Ян Павел ІІ заставаўся для яе ворагам і пасля смерці.
 

09 мая 2023, 12:46