Больш за 600 тысяч чалавек запісаліся для ўдзелу ў СДМ
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дапаможны біскуп Лісабонскай архідыяцэзіі Амерыка Агіар, які ўзначальвае Камітэт, сказаў, што сярод запісаных на сённяшні дзень ёсць грамадзяне амаль усіх краін свету. Арганізатары чакаюць, што ў партугальскую сталіцу на форум, які пройдзе з 1 па 6 жніўня 2023 года, прыедзе больш за 1 мільён чалавек.
22 мая 2023 года аргкамітэт, спасылаючыся на Святы Пасад, паведаміў, што Папа Францішак прыбудзе ў Лісабон 2 жніўня 2023 года, на наступны дзень пасля адкрыцця мерапрыемства. Згодна з планам візіту, Святы Айцец прабудзе ў партугальскай сталіцы да заканчэння Сусветных дзён, да 6 жніўня. Падчас свайго знаходжання ў Партугаліі ён будзе знаходзіцца ў Лісабоне, а таксама наведае санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Фаціме. У абодвух гэтых месцах Францішак быў у маі 2017 года падчас сваёй папярэдняй паездкі ў Партугалію.
Згодна з рабочай праграмай форуму, у пятніцу Папа ўзначаліць Крыжовы шлях з удзелам моладзі ў парку Эдуарда VII у цэнтры партугальскай сталіцы. Чакаецца, што ў суботу і нядзелю ён прыме ўдзел у начным чуванні і заключнай Імшы Сусветных дзён моладзі 2023 года.