Алістэр Датан – новы генеральны сакратар Caritas Internationalis
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Датан мае вялікі вопыт у сферы гуманітарнай дзейнасці. На працягу амаль 30 гадоў ён рэалізаваў розныя дабрачынныя праекты больш чым у 70 краінах свету.
Пасля абрання шатландзец заявіў, што служэнне ў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі заўсёды было для яго вялікім прывілеем. “Caritas быў маім домам, маёй сям’ёй і маім пакліканнем”, - падкрэсліў ён, запэўніўшы, што на сваёй новай пасадзе будзе пакорліва слухаць, уважліва прымаць рашэнні і старацца будаваць масты для далейшага сумеснага развіцця дзейнасці каталіцкай канфедэрацыі.
Алістэр Датан прыйшоў у Caritas у 1996 годзе. З таго часу ён рэалізаваў праекты дапамогі падчас войнаў у Косаве, Дарфуры, Іраку і Сірыі. Падтрымліваў ахвяр землятрусу на Гаіці, цунамі ў Інданезіі і тайфунаў у Пакістане, Індыі і Бангладэш. Займаўся барацьбой з эксплуатацыяй прыродных рэсурсаў Афрыкі і ствараў гуманітарныя праекты для бежанцаў з Блізкага Усходу. Аказваў падтрымку ахвярам харчовага крызісу ў многіх афрыканскіх краінах, ад Сахеля да Самалі і ад Судана да Зімбабвэ. Цяпер разам з новым старшынёй Caritas Internationalis, якім з’яўляецца японскі арцыбіскуп Тарчызіа Кікучы, ён будзе адказваць за дзейнасць канфедэрацыі на працягу наступных чатырох гадоў.