Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Германія: вернікаў становіцца менш, касцёлы закрываюцца

У бліжэйшыя 40 гадоў Каталіцкі Касцёл і Евангельская Царква ў Германіі павінны будуць развітацца прыкладна з трэцяй часткай сваёй нерухомасці.

Ян Глінскі

Да 2026 года, як паведамляецца ў нямецкім выданні Hannoversche Allgemeine Zeitung, дзвюм найбуйнейшым Цэрквам у Германіі давядзецца аддаць каля 40 тысяч будынкаў.

Перш за ўсё гэта датычыць плябаній і парафіяльных дамоў, але ўсё часцей таксама сакральных аб’ектаў. Нерухомасць пойдзе пад знос, калі не ўдасца дамовіцца з уладамі аб большай свабодзе выкарыстання будынкаў.

Паводле справаздачы, фонам з’яўляецца пастаяннае змяншэнне колькасці вернікаў. Аўтары матэрыяла Адальберт Шміт і Карл Шміман спасылаюцца на супольную пазіцыю Рады евангельскіх Цэркваў у Германіі (EKD) і Каталіцкага саюза нямецкіх дыяцэзій (VDD).

Адальберт Шміт з’яўляецца членам Вышэйшай рэгіянальнай царкоўнай рады пратэстанцкай Царквы ў Гановеры і старшынёй Камітэта па будаўніцтве і нерухомасці EKD. Карл Шміман – юрысконсульт каталіцкай архідыяцэзіі Гамбурга і старшыня юрыдычнага камітэта VDD.

Па словах Шміта і Шмімана, з прычыны аховы помнікаў дзяржавай праблемай з’яўляецца перадача касцёльнай нерухомасці. З 42 500 сакральных будынкаў абедзвюх асноўных канфесій Германіі каля 80 працэнтаў ахоўваюцца Законам аб аб’ектах гістарычнай спадчыны. Паводле ацэнак, з 1990-х гадоў 1200 храмаў былі занядбаныя, 278 з іх – знесены.

Перш за ўсё гаворка ідзе аб захаванні высокага ўзроўню касцёльных будынкаў як культурнай спадчыны. Колькасць аб’ектаў у спісе, як сцвярджаецца ў паведамленні, верагодна, значна павялічыцца, калі ахова будынкаў ускладніць іх выкарыстанне ў іншых мэтах – у якасці жылой або культурнай нерухомасці.

У той жа час з боку прадстаўнікоў ведамстваў па ахове помнікаў назіраецца жаданне ісці на кампраміс. Як адзначаецца ў выданні, старшыня Упраўлення аховы помнікаў Ніжняй Саксоніі Крысціна Крафчык паведаміла аб зацікаўленасці дзяржаўных ведамстваў аховы помнікаў у супрацоўніцтве.

На яе думку, каштоўныя сакральныя будынкі па максімуму будуць захаваныя як культурная спадчына. У кожным канкрэтным выпадку, як сцвердзіла, варта распрацаваць “варыянты далейшага іх выкарыстання, з захаваннем сутнасці і рэсурсаў аб’ектаў”.
 

07 мая 2023, 13:15