Пошук

Тавадрас ІІ і Францішак Тавадрас ІІ і Францішак 

Візіт Копцкага Патрыярха ў Ватыкан: 50 год адносін і сяброўства

Агульная аўдыенцыя, якая прайшла 10 мая 2023 года, прыняла незвычайны ход і звялася да ўрачыстага прывітання Францішкам Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадраса II.

Аляксандр Амяльэчня - Vatican News

Іерархі – кожны асобна – благаславілі вернікаў. Так распачалося святкаванне пяцідзесяцігоддзя гістарычнай сустрэчы Паўла VI і Шэнуды III у маі 1973 года.

11 мая Тавадрас сустрэнецца з Францішкам сам-насам і памоліцца з ім, пасля чаго адправіцца ў Дыкастэрыю спрыяння хрысціянскаму адзінству. Акрамя таго, 14 мая ў папскай базіліцы святога Яна Латэранскага Патрыярх узначаліць літургію для вернікаў копцкай супольнасці, якія пражываюць у Рыме.

Копцкая Царква бярэ свой пачатак у ранняй Егіпецкай Царкве, заснавальнікам якой, паводле традыцыі, быў святы Марк евангеліст, які, як кажуць, прыняў пакутніцкую смерць у Александрыі ў 68 годзе. Хоць гістарычных доказаў гэтаму няма, менавіта ад Марка копты вядуць адлік сваіх патрыярхаў. Гэтая Царква адыграла вядучую ролю ў фарміраванні раннехрысціянскай тэалогіі. Сярод тых, хто прымаў актыўны ўдзел у яе дзейнасці, былі: Афанасій Вялікі, Кірыл Александрыйскі, Арыген. Менавіта ў Егіпце зарадзіліся вялікія хрысціянскія ідэі, уключаючы манаства.

Сучасная Копцкая Праваслаўная Царква Егіпта – як гучыць яе афіцыйная назва – налічвае 8-12 мільёнаў вернікаў толькі ў Егіпце і каля 2 мільёнаў у дыяспары. Яе ўзначальвае Папа Афрыкі і Патрыярх Пасада святога Марка Тавадрас II.

Пад яго кіраўніцтвам Царква ўзяла новы, экуменічна адкрыты курс. Пасля ўступлення на пасаду ў 2013 годзе іерарх хутка і значна паспрыяў стварэнню Экуменічнай Рады Цэркваў у Егіпце, старшынёй якой з’яўляецца. У яе ўвайшлі таксама Копцкая Каталіцкая Царква, пратэстанцкія супольнасці, у тым ліку англікане, і прадстаўнікі Грэчаскай Праваслаўнай Царквы.

Вельмі значным для копцка-каталіцкіх адносін стаў той факт, што першая замежная паездка ў маі 2013 года прывяла Тавадраса ІІ у Рым, дзе ён сустрэўся з Францішкам. Паміж імі завязалася глыбокае асабістае сяброўства. Тады яны дамовіліся аб дзвюх рэчах: вырашылі маліцца адзін за аднаго кожны дзень і ўзялі на сябе абавязацельства адзначаць разам кожны год, 10 мая, свята хрысціянскай любові і сяброўства паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Царквой. Патрыярх таксама прызначыў на некалькі ключавых пасад у Копцкай Царкве адкрыта экуменічнае духавенства.

У Егіпце жывуць таксама католікі лацінскага і некаторых усходніх абрадаў. Усяго іх больш за 250 тысяч. Найбольшай суполкай з’яўляюцца копты-католікі, іх – каля 220 тысяч. Копцкая Каталіцкая Царква сфарміравалася паступова ў выніку заключаных у розныя гады уній з Рымам. Яе з 2013 года ўзначальвае Патрыярх Александрыйскі Ібрагім Ісаак Сідрак. У апошнія гады гэта супольнасць характарызуецца высокім душпастырскім і грамадскім дынамізмам, які праяўляецца ў катэхізацыі і шматлікіх дабрачынных ініцыятывах. Яна прысутнічае ў сферы адукацыі, кіруючы 170 каталіцкімі школамі, у якіх большасць вучняў – мусульмане.

Іншыя ўсходнія каталіцкія супольнасці ў Егіпце – мелькіты, мараніты, сірыйцы, армяне і халдэі. Лацінскі Касцёл, які налічвае каля 10 тысяч вернікаў, дзейнічае ў рамках апостальскага вікарыяту Александрыі з сядзібай у Каіры.
 

10 мая 2023, 11:03