Пошук

Падчас візіту да венгерскіх грэка-католікаў Падчас візіту да венгерскіх грэка-католікаў   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Візіт Святога Айца да венгерскіх грэка-католікаў – дар Божы

Падчас свайго 41-га апостальскага падарожжа Францішак наведаў грэка-каталіцкую царкву Пакрова Багародзіцы ў Будапешце. Мітрапаліт Хайдудоражскі Фюлеп Кочыш звярнуў увагу на значэнне візіту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Папа заўсёды шукае кантактаў з усходнімі хрысціянамі, з католікамі і праваслаўнымі. Візіту падчас гэтага апостальскага падарожжа ў папярэдняй праграме не было, але пазней ён трапіў у яе. Я ўспрыняў гэта як дар Провіду, наш храм знаходзіцца побач з касцёлам святой Альжбеты, дзе Францішак сустракаўся з беднымі і бежанцамі. (...) Мы ўспрынялі папскі візіт як дар Божы", - падзяліўся іерарх.

Кажучы пра вайну ва Украіне, мітрапаліт адзначыў, што яна прыносіць велізарныя пакуты ў сем'і, і не толькі ва ўкраінскія, але і ў расійскія. Ён запэўніў, што венгры "блізкія да ўкраінцаў" і абавязаны дапамагаць ім не толькі гуманітарна, але і духоўна.

Ён таксама звярнуў увагу на небяспеку, якая зыходзіць з Захаду – секулярызацыю. "Святы Айцец часта кажа пра гэта. Наша Царква, вельмі верная традыцыі, можа даць пэўную абарону ад секулярызму. Я не хачу сказаць, што гэта з’ява не закранае нас, але мы можам прапанаваць лад жыцця, веру, адносіны з Богам, якія дазваляюць нам сказаць, што чалавек не мяняецца. Чалавек заўсёды той самы. Чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, а пасланне Царквы нагадвае, што Бог патрэбны чалавеку, нават таму, хто адчувае наступствы секулярызацыі. Грэка-Каталіцкая Царква можа адыграць важную ролю для чалавека XXI стагоддзя", - лічыць мітрапаліт Кочыш.
 

03 мая 2023, 12:05