Пошук

Францішаак падчас візіту ў англіканскую парафію ў Рыме. 26.02.2017 Францішаак падчас візіту ў англіканскую парафію ў Рыме. 26.02.2017  

Завяршылася сустрэча міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі

Міжнародная англіканска-каталіцкая камісія па дыялогу (ARCIC III) сустрэлася ў Ларнацы на паўднёвым усходзе Кіпра ў рамках трэцяй фазы размоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Размовы праходзілі 8-15 мая 2023 года з удзелам усіх членаў Камісіі, экспертаў-кансультантаў і супрацоўнікаў бюро Англіканскай Супольнасці ў Лондане і ватыканскай Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Большая частка разважанняў была прысвечана разгляду двух канкрэтных выпадкаў, звязаных з маральнымі пытаннямі – у адным католікі і англікане пагадзіліся, што яны маюць па сутнасці аднолькавае вучэнне, у той час як у іншым – такой згоды не было. Засяроджваючыся больш на адпаведных працэсах распазнання, чым на саміх маральных пытаннях, і выкарыстоўваючы так званы “ўспрымальны (receptive) экуменізм”, Камісія разважала над вызначэннем таго, як кожная супольнасць можа вучыцца на вопыце іншай, - гаворыцца ў камюніке.

Сустаршынямі ARCIC III з’яўляюцца англіканскі архіепіскап Мельбурна Філіп Фрэер і каталіцкі арцыбіскуп Бірмінгема Бернард Лонглі. Камісія складаецца з 6 чалавек – духавенства і свецкіх – у якасці членаў, а таксама двух кансультантаў і аднаго сакратара ад кожнага боку.

Міжнародная англіканска-каталіцкая камісія па дыялогу (ARCIC) была створана пасля першага афіцыйнага візіту ў Ватыкан Архіепіскапа Кентэрберыйскага Майкла Рэмсі 23-24 сакавіка 1966 года і падпісання ім і Паўлам VI сумеснай дэкларацыі, якая выказвала жаданне пачаць тэалагічны дыялог паміж дзвюма Цэрквамі.

Варта дадаць, што каталіцка-англіканскі дыялог быў першым афіцыйным тэалагічным дыялогам паміж Каталіцкім Касцёлам і іншай канфесіяй. У цяперашні час на цэнтральным узроўні Касцёл вядзе больш за дзясятак такога роду дыялогаў, у тым ліку з праваслаўнымі, лютэранамі, старажытнымі Усходнімі Цэрквамі (нехалкідонскімі) і многімі іншымі канфесіямі. Акрамя таго, у некаторых краінах, у прыватнасці ў ЗША, праходзяць аналагічныя мясцовыя размовы, якія, аднак, каб адрозніць іх ад цэнтральных, называюць кансультацыямі.
 

24 мая 2023, 10:05