Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Каталіцкія біскупы Беларусі выказалі прапановы і заўвагі адносна новай рэдакцыі закона Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. У цэлым, епіскапат зрабіў выснову, што некаторыя нормы новай рэдакцыі Закона прынцыпова змяняюць цяперашнія падыходы да прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы права на свабоду сумлення і рэлігіі. Біскупы адзначылі, што "арганізацыі Касцёла могуць сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі пры выкананні некаторых навел прапанаванага законапраекта". У тым ліку – пры арганізацыі дзейнасці нядзельных школ, правядзенні масавых рэлігійных мерапрыемстваў.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстасці на сваёй малой радзіме. 11 чэрвеня 2023 года ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску з удзелам заслужанага іерарха святкавалі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. У гэты ж дзень мясцовыя дзеці прынялі Першую Камунію. А 13 чэрвеня ў парафіі адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага. На гэтай літургіі арцыбіскуп-эмерыт удзяліў групе моладзі сакрамэнт канфірмацыі.
Працягваецца запіс у пешыя пілігрымкі ў Будслаў. Ужо 22 чэрвеня 2023 года адправяцца ў шлях першыя паломніцтвы – з Баранавічаў і Ліды. У цэлым, традыцыйна з розных куткоў Беларусі скіруюцца пілігрымкі ў Нацыянальны санктуарый, дзе ўрачыстасці адбудуцца сёлета 30 чэрвеня і 1 ліпеня і будуць прысвечаны 25-годдзю з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Ваўкавыску. 13 чэрвеня 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў мясцовую парафію Святога Станіслава Косткі. Паводле іерарха, сакрамэнт канфірмацыі павінен спрыяць таму, каб кожны хрысціянін па меры свайго жыцця і паклікання станавіўся сведкам Хрыста: "Гэта значыць, сведкам Яго любові, якая не баіцца цярпення, крыжа і нават смерці; любові, якая ніколі не скончыцца, бо заўсёды гатовая прабачыць", - адзначыў ён у гаміліі.
Катэхетычны каледж у Баранавічах абвясціў набор навучэнцаў. На наступны навучальны год вызначаны спецыялізацыі: катэхетыка, агульная тэалогія, сямейнае кансультаванне і кансультаванне ў галіне дапамогі людзям з залежнасцю. Навучанне ў каледжы бясплатнае і працягваецца тры гады, форма навучання – завочная. Заняткі праводзяцца ў суботу і нядзелю два разы на месяц. Іншагароднія студэнты забяспечваюцца начлегам і сілкаваннем. Прымаюцца асобы ад 18 гадоў.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.