60 гадоў таму Пантыфікам быў абраны Павел VI
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Новаабраны Пантыфік змяніў на пасадзе Біскупа Рыма Яна XXIII, памерлага 3 чэрвеня 1963 года. У гэты час праходзіў Другі Ватыканскі Сабор, які спачылы Папа склікаў з намерам адкрыць Касцёл на свет.
Ініцыятыва саборнага сходу не падзялялася ўсімі. Сярод іерархаў былі тыя, хто хацеў вярнуцца да ранейшага стану, але большасць кардыналаў вырашыла працягваць імкненне да перамен і абнаўлення. Весці човен Касцёла ў гэты перыяд яны, пад кіраўніцтвам Святога Духа, даручылі кардыналу Манціні.
66-гадовы італьянскі іерарх быў абраны ў выніку пятага тура галасавання. Гэта быў апошні канклаў, на якім акрамя кардыналаў-выбаршчыкаў у Сікстынскай капэле маглі прысутнічаць таксама іх сакратары. Ён быў абраны як чалавек адкрыты на свет, уважлівы да сацыяльных праблем, добры знаўца Рымскай курыі, пажаваны на міжнароднай арэне і асабліва ў Касцёле, святар і апостал.
Пантыфікат Паўла VI працягваўся 15 гадоў. Пантыфік завяршыў Другі Ватыканскі Сабор і падпісаў галоўныя дакументы, якія былі прыняты ўдзельнікамі гэтага важнага агульнакасцёльнага сходу. Ён быў вялікім рэфарматарам Касцёла, літургіі і Рымскай курыі, абаронцам чалавечага жыцця, прыхільнікам збліжэння хрысціян розных канфесій і першым за многія стагоддзі Пантыфікам, які адправіўся за межы Італіі, паклаўшы такім чынам традыцыю папскіх Апостальскіх падарожжаў. Павел VI памёр 6 жніўня 1978 года. У 2014 годзе ён быў абвешчаны благаслаўлёным, а ў 2018 годзе – святым.