Меджугор'е Меджугор'е  

Арцыбіскуп Кавалі: Меджугор'е – месца міру і ласкі

Мы спрыяем умацаванню міру, робячы Меджугор'е ўсё больш і больш месцам міру, - сказаў арцыбіскуп Альда Кавалі, апостальскі візітатар баснійскага месца пілігрымак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх патлумачыў, што ў Касцёле кожнаму чалавеку дапамагаюць адшукаць надзею і стаць міратворцам, што з'яўляецца вельмі канкрэтнай задачай. Калі чалавек хоча быць міратворцам, ён павінен прысвяціць сябе місіі, ускладзенай на нас Панам у гэтым жыцці, нават калі гэта простая і сціплая або цяжкая місія.

Затым ідзе другі элемент – прысутнасць у свеце, як там, дзе пануе мір, так і там, дзе ідзе вайна. Арцыбіскуп Кавалі звярнуў увагу на тое, што, калі мы фізічна не знаходзімся ў месцы ўзброенага канфлікту, нашай задачай становіцца суправаджэнне людзей у іх пакутах з зацікаўленасцю і малітвай, па прыкладзе Марыі, прысутнай падчас балесных таямніц жыцця Езуса.

Трэці элемент – гэта прабачэнне. “Кожны дзень на працягу апошніх паўтара года я быў сведкай таго, што Меджугор’е – гэта месца ласкі, выбранае Панам”, - запэўніў апостальскі візітатар. Пра гэта сведчаць мільёны пілігрымаў у 2022 годзе, у тым ліку 30 тысяч святароў і вялікая колькасць маладых людзей, якія прыносяць з сабой свае праблемы і пакуты.

“Я бачу іх тут на Імшы, Ружанцы, эўхарыстычнай адарацыі і адарацыі крыжа, у доўгіх чэргах да споведзі”, - падзяліўся італьянскі іерарх. Асноўная ласка, якую атрымліваюць пілігрымы, – гэта дар перамянення. “Тут выяўляецца, што споведзь – гэта не проста прадстаўленне спісу грахоў, але навяртанне, сустрэча з ласкай вяртання дадому змененым”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кавалі.

Ён бачыць сваёй задачай імкненне да таго, каб Меджугор’е заставалася прасторай ласкі. Гаворка тут ідзе пра клопат аб супрацоўніцтве з Панам на карысць гэтага месца. “Калі Папа пытаецца ў мяне, як справы, я адказваю, што ў гэтым месцы ласкі мы молімся, молімся і яшчэ раз молімся. І Францішак задаволены гэтым”, - прызнаўся папскі прадстаўнік. Ён патлумачыў, што настойлівая малітва першай супольнасці ў прысутнасці Марыі папярэднічала Пяцідзясятніцы. І гэта спосаб дзеяння, які спрабуе пераймаць супольнасць у Меджугор’і.
 

13 чэрвеня 2023, 11:14