Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў: паважаць цэласнасць Украіны
“Няма ніякіх падстаў, якія б апраўдвалі агрэсію супраць незалежнай дзяржавы: ні палітычных, ні прававых, ні маральных. Мы падтрымліваем народ Украіны, які хоча абараняць сваю зямлю. Тэрытарыяльную цэласнасць Украіны павінен прызнаваць увесь свет”, – гаворыцца ў заяве, апублікаванай па выніках 16-й генеральнай асамблеі Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў, што праходзіла ў Таліне.
Удзельнікі сустрэчы запэўнілі ў сваёй малітве за пакутуючых з-за гэтай вайны, і адначасова выказалі боль з прычыны шматлікіх ахвяр, зведаных ран і разбурэнняў. Акрамя таго, яны асудзілі пагрозу ядзернай зброі і адзначылі, што парушэнні правоў чалавека, нават у кантэксце вайны, не могуць быць апраўданы.
Сабраныя ў Таліне таксама высока ацанілі намаганні Цэркваў і хрысціян у справе аказання пільнай гуманітарнай і духоўнай дапамогі пацярпелым, якая надалей працягваецца.
“Тыя, хто развязаў гэтую вайну, хто распаўсюджвае хлусню і дэзінфармацыю, павінны панесці адказнасць за ўсё гэта”, - падкрэсліваецца ў дакуменце. Удзельнікі Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў заклікалі Цэрквы, урады і грамадзянскую супольнасць падтрымаць супраціўленне Украіны расійскай агрэсіі.
Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў аб’ядноўвае 114 пратэстанцкіх, англіканскіх, праваслаўных і старакаталіцкіх Цэркваў з усяго кантынента. Агульная кольскасць іх вернікаў складае звыш 380 мільёнаў чалавек.