Пошук

Пасяджэнне епіскапату ЗША. Архіўнае фота Пасяджэнне епіскапату ЗША. Архіўнае фота 

Епіскапат ЗША аб этычнасці трансгендарнай хірургіі

Епіскапат Злучаных Штатаў, які 14-16 чэрвеня 2023 года праводзіў сваю асамблею ў Арланда, вырашыў абнавіць частку сваіх дырэктыў па этыцы ў каталіцкіх установах аховы здароўя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскупы прагаласавалі за ўнясенне істотных змен у свой дакумент, які змяшчае рэкамендацыі для каталіцкай сферы аховы здароўя па пытанні трансгендарнай хірургіі і гарманальнай тэрапіі і іх несумяшчальнасці з каталіцкім вучэннем аб сексуальнасці і годнасці чалавечай асобы.

У сакавіцкай дактрынальнай запісцы Камісіі епіскапату ЗША па веравучэнні падкрэслівалася, што “структуры каталіцкай службы аховы здароўя не могуць праводзіць умяшанні, як хірургічныя, так і хімічныя, накіраваныя на трансфармацыю палавых прыкмет чалавечага цела ў прыкметы супрацьлеглага полу, або ўдзельнічаць у распрацоўцы такіх працэдур”.

Кіруючыя прынцыпы закліканы замацаваць этычныя нормы паводзін, заснаваныя на вучэнні Касцёла, і даць аўтарытэтныя рэкамендацыі па сумежных маральных пытаннях.

Біскуп Даніэль Флорэс, старшыня Камісіі епіскапату ЗША па веравучэнні, адзначыў, што раздзел пра адносіны паміж прафесіяналам і пацыентам, які плануецца абнавіць, не пераглядаўся з 1994 года. “У той час не было прадугледжана, што можа спатрэбіцца ўключыць канкрэтныя рэкамендацыі па радыкальных мадыфікацыях чалавечага цела, такіх як лячэнне, якое зараз шырока рэкамендуецца на практыцы для тых, хто пакутуе ад гендарнай дысфарыі”, - патлумачыў іерарх.

Амерыканскія біскупы абмеркавалі таксама праблематыку, звязаную з клопатам пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі і запланаванае абнаўленне душпастырскай інструкцыі епіскапату на гэту тэму. Яны таксама закранулі шэраг іншых пытанняў, уключаючы планы на жнівеньскія Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне.
 

17 чэрвеня 2023, 11:29