Пошук

Фонд Centesimus Annus Pro Pontifice Фонд Centesimus Annus Pro Pontifice  

Фонд Centesimus Annus Pro Pontifice адзначыць сваю 30-ю гадавіну

Дабрачынны фонд Centesimus Annus Pro Pontifice правядзе 5-6 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане міжнародную канферэнцыю, прымеркаваную да 30-годдзя свайго заснавання.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэма мерапрыемства: Памятаць, каб будаваць будучыню. Разважаць і дзейнічаць у катэгорыях супольнасці.

Папскі фонд Centesimus Annus Pro Pontifice быў створаны святым Янам Паўлам II 5 чэрвеня 1993 года. Яго назва паходзіць ад назвы энцыклікі Centesimus Annus (Соты год), прысвечанай стагоддзю сацыяльнага вучэння Касцёла, пачатак якому паклала энцыкліка Льва XIII Rerum Novarum.

Сёння фонд дзейнічае ў 15 краінах на 4 кантынентах і налічвае каля 350 прыхільнікаў. Ён спрыяе распаўсюджванню папскага вучэння ў сацыяльнай сферы і ажыццяўляе шматлікія дабрачынныя ініцыятывы ад імя Святога Айца.

Фонд заўсёды імкнуўся дзейнічаць паводле прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла. “Гаворка ідзе пра каштоўнасці, якія заклікаюць да міру, этыкі, дэмакратыі, салідарнасці, барацьбы з беднасцю і няроўнасцю дзеля развіцця, накіраванага на агульнае дабро”, - адзначыла старшыня арганізацыі Ганна Марыя Тарантала.

Двухдзённая сустрэча распачнецца Імшой, якую ўзначаліць архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра, кардынал Маўра Гамбэці. Затым яе ўдзельнікаў прывітае Дзяржсакратар П’етра Паралін і прыме на аўдыенцыі Францішак. На наступны дзень адбудуцца пленарныя пасяджэнні з удзелам дакладчыкаў з свету навукі, прадпрымальніцтва, фінансавых інстытутаў, дабрачынных і валанцёрскіх арганізацый. Акрамя таго, адбудзецца прэзентацыя зборніка Трыццаць гадоў папскіх пасланняў да Centesimus Annus.

01 чэрвеня 2023, 13:40