Генеральныя сакратары CCEE правялі нараду ў Албаніі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум адбыўся ў рамках дзейнасці Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE). Яго тэма: Ад Ecclesia in Europa да Сінода аб сінадальнасці. Касцёл у Еўропе ў дарозе – 20 гадоў пасля адгартацыі святога Яна Паўла ІІ.
Пасля святой Імшы на распачацце пасяджэння, якую ўзначаліў арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, з уступным словам выступіў арцыбіскуп Чарльз Шыклуна, Мітрапаліт Мальтыйскі і дапаможны сакратар Дыкастэрыі веравучэння. Ён заклікаў задумацца над якім, як можна служыць Евангеллю надзеі ў актуальным кантэксце ў Еўропе.
Іерарх прапанаваў паразважаць над трыма пытаннямі: “Як можам прасоўваць культуру жыцця, ролю жанчын і сапраўдную гасціннасць? Як ператварыць траўму скандалу сексуальных злоўжыванняў у Касцёле ў культуру прафілактыкі, абароны і суправаджэння? Як можам жыць прароцтвам сінадальнасці ў якасці знаку надзеі?”. Ён таксама паставіў пытанне пра перадачу надзеі ў кантэксце нападу на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і яго наступстваў на розных узроўнях.
Удзельнікі пасяджэння выслухалі рэферат Ёганэса Хартля, заснавальніка і лідара Дома малітвы ў нямецкім Аўсбургу, які прапанаваў практычны позірк на новую евангелізацыю ў сучаснай Еўропе. Хартль зазначыў, што перад абліччам працэсаў секулярызацыі, неабходна пакора, а дзейнасць супольнасцей Касцёла павінна быць засяроджана на місіі. Касцёл павінен маліцца, у той жа час вучыцца быць адкрытым на розныя культурныя плыні, каб размаўляць мовай, зразумелай тым, да каго ён звяртаецца.
Да генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў звярнуўся таксама ксёндз Джакама Коста, кансультант генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў. Ён падзяліўся сваім досведам удзелу ў кантынентальных сінадальных сустрэчах, падкрэсліваючы існуючы плюралізм у Касцёле, у сувязі з якім неабходна слухаць адзін аднаго без прадузятасці і з адкрытасцю на голас Святога Духа. Святар распавёў, што падчас кастрычніцкага пасяджэння Сінода Біскупаў будуць сфармуляваны пэўныя пытанні, якія будуць дыскутавацца на працягу наступнага года і падчас другой сінадальнай сесіі ў 2024 годзе.
Удзельнікі сходу скіравалі ліст падтрымкі Святому Айцу, запэўніваючы яго ў сваёй малітве, а таксама здзейснілі візіт у Супольнасць Бэтанія, у 30 кіламетрах ад Тыраны, якую Папа адведваў падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Албанію ў 2014 годзе.