Кардынал Дзупі: мы забылі, што такое бамбардзіроўкі
Ян Глінскі
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі падкрэсліў, што вынікі перамоў будуць перададзены Святому Айцу, калі той ачуняе пасля аперацыі: “Мы павінны гэта абмеркаваць, абдумаць і пачакаць, калі Папа адчуе сябе лепш, каб паглядзець, што рабіць далей”.
На працягу двух дзён ватыканскі іерарх сустракаўся з прадстаўнікамі дзяржаўных і касцёльных уладаў Украіны. Усе размовы датычылі тэмы пошуку шляхоў да справядлівага і трывалага міру.
Пра свой візіт ва Украіну іерарх узгадаў таксама ў прамове да сабраных у рымскай парафіі святога Луі дэ Манфора падчас сустрэчы, якую ладзіла дабрачынная арганізацыя Casa Betania з нагоды святкавання свайго 30-годдзя. Сустрэча была прысвечана тэме гасціннасці. Як адзначыў кардынал Дзупі, “усім нам патрэбна супольнае дабро”, бо, калі яго няма, пераважае логіка мацнейшага і абыякавасць. Як нагадаў іерарх, пандэмія паказала, што мы ўсе павінны дапамагаць адно аднаму, мы ўсе ў адной лодцы.
Падсумоўваючы сваю прамову, кардынал Дзупі засяродзіўся на сваіх уражаннях ад паездкі ва Украіну: “Мы не разумеем або забыліся, што значыць бамбардзіроўка, што значыць бачыць смерць бацькоў. Мы забыліся, што такое катаванні. Мы павінны не толькі маліцца, але таксама страчваць спакой, які маем, дзеля дабра тых, хто яго не мае. Мір заўсёды вельмі крохкі. Таму не будзем забываць маліцца аб міры і быць пастулятарамі міру. Мы не павінны дапусціць, каб нянавісць перамагла”, - заклікаў ён.