Кардынал Тагле: кожная сапраўдная місія – гэта дзейнасць Хрыста
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сапраўдная апостальская місія – гэта праца Хрыста, які дзейнічае ў жыцці і сэрцах сваіх паслядоўнікаў, тым самым робячы сябе ўспрымальным для іншых, - зазначыў кардынал Луіс Антоніа Тагле, выступаючы 31 мая 2023 года перад удзельнікамі Генеральнай асамблеі Папскіх місійных ініцыятыў, якая прайшла ў Чампіна, бліз Рыма. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 100 кіраўнікоў Папскіх місійных ініцыятыў з усіх кантынентаў.
Чэрпаючы натхненне для сваёй прамовы ў евангельскім апавяданні пра наведванне Марыяй Альжбеты, кардынал заўважыў, што сам Бог умяшаўся ў іх жыццё з місійнай мэтай: "У Сына Марыі ёсць місія. І ў сына Альжбеты таксама ёсць місія – падрыхтаваць місію Сына Марыі". Тое, што можа быць толькі працай Бога, немагчыма выканаць чалавечымі здольнасцямі. Гэта тычыцца і кожнай сапраўднай апостальскай місіі, якая заўсёды з'яўляецца працай Бога, выкананай у гліняных начыннях.
"Калі мы маем веру, то прызнаем, што Пан робіць тое, чаго хоча дасягнуць у нашым жыцці", і што скарб у гліняных начыннях, пра які кажа святы Павел, - гэта скарб, які не залежыць ад нас. Іерарх патлумачыў, што гэта не апраўдвае пасрэднасць, ляноту, адсутнасць творчасці, але трэба прызнаць, што, нават прыкладаючы найвялікшыя чалавечыя намаганні, мы застаемся абмежаванымі". У нас, як у гліняным начынні, здзяйсняецца "праца Бога, а не наша. Заслуга належыць Яму", - адзначыў іерарх.
Місіянерская праца мае свае вытокі ў малітве і сустрэчы з Езусам, якія дазваляюць людзям адчуць Яго прысутнасць у нас, - дадаў кардынал Тагле.
Нарэшце, як Марыя, якая пакорліва і радасна прыняла тое, што Бог пажадаў зрабіць для яе народа, так і кожная апостальская місія “ніколі не бывае толькі для мяне, але і для ўсіх. Шчасце сапраўднае толькі тады, калі яго падзяляюць”, - нагадаў кардынал Тагле.