Пошук

Кардынал Райнер Марыя Вёлькі Кардынал Райнер Марыя Вёлькі  

Нямецкі сінадальны шлях: біскупы чакаюць рашэнняў Сінода ў Рыме

Чатыры нямецкія біскупы выступілі супраць стварэння так званай Сінадальнай рады. Яны канстатавалі, што рашэнні, прынятыя ў рамках нямецкага Сінадальнага шляху, выклікаюць трывогу ў многіх вернікаў у свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля разважанняў у Пастаяннай радзе нямецкага епіскапату біскупы Кёльна, Айхштэта, Пасаў і Рэгенсбурга заявілі, што жадаюць “спачатку дачакацца восеньскіх дыскусій на Сінодзе ў Рыме”.

Нагадаем, нямецкая ініцыятыва Сінадальны шлях вырашыла заснаваць Сінадальную раду ў якасці кіруючага органа мясцовага Касцёла. Святы Пасад не пагадзіўся з такім сцэнарыем, сцвярджаючы, што гэта пазбаўляе суверэнітэту мясцовых біскупаў.

Біскупы Грэгар Марыя Ханке, Штэфан Остэр, Рудольф Водэрхольцэр і кардынал Райнер Марыя Вёлькі напісалі у сумеснай заяве, што яны “жадаюць ісці шляхам да больш сінадальнага Касцёла ў сваіх дыяцэзіях разам і ў каардынацыі з сінадальным працэсам Паўсюднага Касцёла”. На іх думку, план заснавання ў Германіі Сінадальнага камітэта, які затым заснаваў бы Сінадальную раду, супярэчыць выразнаму ўказанню Папы, якое ляжыць у аснове ліста трох кардыналаў ад 16 студзеня 2023 года.

“Таму мы не можам зараз пагадзіцца на гэты крок”, - адзначылі іерархі, дадаўшы, што “трэба засяродзіць увагу на працы і выніках Сусветнага Сінода Біскупаў – і толькі потым пытацца аб магчымых новых арганізацыйных формах у Германіі”. Такім чынам, ужо прынятыя тэксты Сінадальнага шляху павінны быць вынесены на абмеркаванне з Рымам і разгледжаны ў рамках Сінадальнага працэсу Паўсюднага Касцёла. Чатыры біскупы адзначылі, што такі план быў узгоднены падчас візіту ad limina ў Рым у лістападзе 2022 года, падчас якога новая структура ўвогуле не абмяркоўвалася.

Акрамя таго, іерархі канстатавалі, што рашэнні, прынятыя на нямецкім Сінадальным шляху, выклікаюць трывогу ў многіх вернікаў па ўсім свеце. На іх думку, ціск Германіі вядзе да большай палярызацыі сярод католікаў як у самой краіне, так і ва ўсім свеце.

Нямецкі епіскапат паведаміў, што, паколькі паміж біскупамі няма адзінства, трэба шукаць “альтэрнатыўную мадэль фінансавання” працы Сінадальнага камітэта, які павінен падрыхтаваць стварэнне Сінадальнай рады. Як плануецца, першае пасяджэнне адбудзецца 10-11 лістапада 2023 года.
 

21 чэрвеня 2023, 10:23