Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Быстрыцы на Астравеччыне адзначылі 500-годдзе касцёла. 23 і 24 ліпеня 2023 года ў мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа юбілейныя ўрачыстасці прайшлі з удзелам біскупаў. У пятніцу Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі асвяціў Святаянскую крыніцу, побач з якой узведзена капліца, фігуру святога Яна Хрысціцеля і крыж. А назаўтра біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю і благаславіў мемарыяльную шыльду.

Першыя пілігрымкі выйшлі ў Будслаў – з Ліды і Баранавічаў. Пешыя паломніцтвы ў Нацыянальны санктуарый стартавалі 22 чэрвеня 2023 года. За 9 дзён шляху вернікі пераадолеюць амаль 300 кіламетраў. Штогод у Будслаў прыходзяць шматлікія пілігрымы з розных куткоў Беларусі. Урачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі сёлета пройдуць 30 чэрвеня – 1 ліпеня і будуць прысвечаны 25-годдзю каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

У Тракелях прайшла сустрэча членаў Францішканскага закону свецкіх. 17-18 чэрвеня 2023 года ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся члены Трэцяга закону святога Францішка з розных мясцін Беларусі. Праграма ўключала супольныя малітвы, канферэнцыі, святую Імшу, якую ў нядзелю цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У Стоўбцах адбылося свята з нагоды 400-годдзя з часу заснавання парафіі. 18 чэрвеня 2023 года арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч разам з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім наведалі парафію святога Казіміра. Акрамя таго, што 400 гадоў таму ў горадзе была заснаваная першая каталіцкая парафія, 350 гадоў таму адбылося пасвячэнне першага касцёла, а тры дзесяцігоддзі таму – рэгістрацыя сучаснай парафіі. Таксама сёлета яе пробашч, ксёндз канонік Ігар Лашук адзначае 30-ю гадавіну святарства.

Канікулы з Богам праходзяць у парафіях Беларусі. Летні адпачынак для дзяцей і моладзі ўключае як малітву і працу ў групах, так і забаўляльную частку: гульні, конкурсы, экскурсіі, падарожжы. Напрыклад, дзеці, якія адпачывалі пры пінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пабывалі ў Янаве Палескім, дзе наведалі месца мучаніцтва святога Андрэя Баболі, апекуна дыяцэзіі, і мясцовую святыню.

Семінарыя ў Гродне абвясціла прыём абітурыентаў. На экзамене кандыдат павінен паказаць веды па асноўных тэмах са Святога Пісання, катэхізіса, гісторыі Касцёла. Працэс падрыхтоўкі да святарства ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне працягваецца сем гадоў і ўключае інтэгральную фармацыю: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастаральную.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

24 чэрвеня 2023, 09:02