Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў літургічную інаўгурацыю Апостальскай Адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі. 15 ліпеня 2023 года Боская Літургія з удзелам Апостальскага Нунцыя адбылася з гэтай нагоды ў храме Душпастырскага цэнтра Праведнага Язэпа ў Мінску. Такім чынам, распачалася афіцыйная дзейнасць Апостальскай Адміністратуры, створанай Папам Францішкам 30 сакавіка 2023 года.
Урачыстасць Маці Божай Шкаплернай адзначаюць у Гудагаі. 15 ліпеня 2023 года адпуст у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі распачнецца святой Імшой, затым у праграме – Крыжовы шлях на Кальварыі. Апоўначы запланавала Працэсія святла, пасля якой адбудзецца Эўхарыстыя і малітоўнае чуванне. Адпустовая святая Імша пройдзе ў нядзелю. У гэтыя ж дні ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай праходзіць у мядзельскай парафіі.
У Ваўкавыску развіталіся са спачылым ксяндзом прэлатам Антоніем Філіпчыкам. 11 ліпеня 2023 года ў касцёле святога Вацлава адбылася пахавальная Імша з нагоды смерці шматгадовага пробашча гэтай парафіі. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікая вернікі і духавенства. Святую Імшу з удзелам больш чым сотні святароў цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама на развітанне з паважаным святаром прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У Касцёле ў Беларусі абвешчаны Год падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Сэрцу Езуса – па распараджэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. З гэтай нагоды ён звярнуўся з пасланнем, у якім адзначыў, што прысвячэнне "стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові", каб католікі Беларусі заставаліся вернымі Евангеллю і Хрысту, "нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні".
У браслаўскім касцёле біскуп Алег Буткевіч пасвяціў новы алтар. 9 ліпеня 2023 года біскуп Віцебскі цэлебраваў святую Эўхарыстыю ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў. Згодна з традыцыяй, у алтары змешчаны рэліквіі святых: Северыяна, мучаніка ІІІ стагоддзя, і Аматара, мучаніка ІX стагоддзя. Таксама іерарх благаславіў новую амбону у санктуарыі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.