Арцыбіскуп Марсэля пракаментаваў анансаваны папскі візіт
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля публікацыі праграмы знаходжання Святога Айца ў французскім горадзе, іерарх нагадаў пра візіты Францішка на Лампедузу, Лесбас і Кіпр і адзначыў, што Папа жадае агульнага падыходу да праблем Міжземнага мора і выклікаў, якія стаяць перад краінамі гэтага рэгіёну.
Пазнаёміўшыся з Марсэлем бліжэй, можна выявіць шматлікія цяжкасці, з якімі ён сутыкаецца. Гэта і гандаль наркотыкамі, і беспрацоўе, і грэблівае стаўленне да пэўных груп насельніцтва і месцаў. Кардынал Авелін падкрэсліў, што сітуацыя крызісу на фоне вялікага патэнцыялу тычыцца і ўсяго басейна Міжземнага мора. Гэта рэгіён, падзелены геапалітычнымі канфліктамі і закрануты кліматычнымі зменамі, там працягваецца драма бежанцаў. На яго думку, крызісная сітуацыя не з’яўляецца непазбежнай, ёй можна супрацьстаяць, у чым дапамагае вера.
Святы Айцец прыедзе ў Марсэль на Міжземнаморскія сустрэчы, якія збяруць 120 маладых людзей розных канфесій і рэлігій, а таксама каталіцкіх біскупаў. Мерапрыемства будзе суправаджацца культурным фестывалем і прэзентацыяй рухаў, суполак і асацыяцый, якія працуюць на карысць экалогіі і дыялогу ў басейне Міжземнага мора.