Пошук

Валанцёры рыхтуюць заплечнікі Сусветных дзён Валанцёры рыхтуюць заплечнікі Сусветных дзён  (AFP or licensors)

Арганізатар пра грамадскую карысць і інавацыйнасць СДМ-2023

Па словах арганізатараў, Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне стануць інвестыцыяй у будучыню Партугаліі. Галоўнае, каб маладыя людзі вярнуліся дадому лепшымі, - сказаў у інтэрв’ю нямецкаму KNA кардынал-намінант Амерыка Агіяр.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па словах 49-гадовага дапаможнага біскупа Лісабонскай архідыяцэзіі і старшыні Фонду СДМ, гэта вялікая сустрэча будзе мець неацэнны рэкламны эфект для Партугаліі на міжнароднай арэне.

Акрамя таго, пілігрымы будуць траціць грошы падчас свайго знаходжання ў горадзе, заўважыў іерарх, маючы на ўвазе напружаную эканамічную сітуацыю ў Партугаліі і высокі ўзровень беспрацоўя. Так ён адказаў на крытычныя заўвагі ў перыяд падрыхтоўкі наконт вялікіх выдаткаў, звязаных з рэлігійнай падзеяй.

Біскуп Агіяр падкрэсліў, што людзям трэба даць зразумець, што Сусветныя дні не толькі ствараюць выдаткі. З 35 мільёнаў еўра субсідыі ад горада Лісабона толькі 10 мільёнаў еўра пайшлі непасрэдна на сустрэчу. Астатняе – гэта ўстойлівыя інвестыцыі ў гарадскую інфраструктуру, напрыклад, дарагі алтарны подыум для Імшы ў будучыні можа быць выкарыстаны для культурных мерапрыемстваў.

Гаворачы пра стан падрыхтоўкі, арганізатар сказаў, што дзякуючы дапамозе сотняў маладых людзей і партугальскіх дыяцэзій, пражыванне, забеспячэнне і транспарт для пілігрымаў добра арганізаваны. Таксама была падрыхтавана культурная праграма і маладзёжны фестываль.

Ён адзначыў, што “ў Партугаліі мерапрыемства такога маштабу адбываецца ўпершыню”. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел больш за мільён маладых людзей практычна з усіх краін свету. “Гэта амаль дзесяць працэнтаў насельніцтва нашай краіны”, - сказаў Агіяр.

Сярод асноўных тэм ён назваў экалагічныя праблемы, пандэмію каронавіруса, вайну ва Украіне і іншыя канфлікты. “Гаворка пойдзе аб навядзенні мастоў паміж рознымі рэлігіямі і грамадствамі, а таксама аб больш гуманнай эканамічнай мадэлі, якая засяроджваецца на сацыяльнай справядлівасці, а не толькі на росце”, да чаго заклікае Папа Францішак.

Па словах біскупа Агіяра, упершыню на Сусветных днях не будзе друкаваных брашур і інфармацыйных лістоў. Паломніцкі буклет з малітвамі і спевамі выйдзе выключна ў выглядзе лічбавага дадатку.

“Асабліва нам, старэйшым пакаленням у Касцёле, неабходна змяніць і асучасніць нашу мову і наш спосаб зносін, каб дастукацца да моладзі; нават у тым, як мы молімся”, - сказаў біскуп, адзначыўшы, што “існуе відавочная праблема камунікацыі паміж Касцёлам і моладдзю, якую трэба вырашыць”. Лісабонскі форум – добрая магчымасць палепшыць працу Касцёла з моладдзю ў Партугаліі і надаць моладзі большую ролю ў дыяцэзіях.

37-ыя Сусветныя дні моладзі пройдуць з 1 па 6 жніўня 2023 года ў Лісабоне. Папа Францішак прыбудзе ў Партугалію 2 жніўня і ўзначаліць завяршальную Імшу мерапрыемства.
 

25 ліпеня 2023, 10:04