Большасць заявак на СДМ паступіла з Іспаніі і Італіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аргкамітэт паведаміў, што за месяц да пачатку мерапрыемства на яго зарэгістраваліся 58,5 тысяч іспанцаў і 53,8 тысяч італьянцаў, а таксама 41 тысяча французаў, 32,7 тысяч партугальцаў і 14,4 тысяч жыхароў ЗША – агулам 313 тысяч паломнікаў з 151 краіны. Усяго анкеты пачалі запаўняць 663 тысячы чалавек, але толькі палова з іх пакуль прайшла рэгістрацыю. 7138 сем’яў, якія жывуць на тэрыторыі Лісабонскай архідыяцэзіі і дыяцэзій Сетубал і Сантарэм, пагадзіліся прыняць маладых людзей у сваіх дамах.
Агулам для ўдзельнікаў Сусветных дзён ужо знойдзена 24 тысячы месц у сем'ях і амаль 449 тысяч – у пунктах калектыўнага пражывання.
Арганізатары СДМ: у нас дастатковая медыцынская падтрымка
Падчас лісабонскага форуму не будзе недахопу ў спецыялізаваных медыцынскіх брыгадах, - паведамілі ў аргкамітэце. Антоніу Маркес, адказны за медыцынскія паслугі, паведаміў, што ў ліпені брыгады хуткай дапамогі ў лісабонскай агламерацыі будуць узмоцнены новымі супрацоўнікамі.
Інфармацыя, прадстаўленая партугальскім СМІ аргкамітэтам, паказвае на тое, што ў пачатку ліпеня 2023 года ў сталічнай агламерацыі колькасць машын хуткай медыцынскай дапамогі павялічана з 74 да 102.
Маркес дадаў, што ў жніўні да каманды медыкаў далучацца некалькі соцень медыцынскіх работнікаў з ліку валанцёраў. Падчас мерапрыемства плануецца адкрыццё двух палявых шпіталяў у Лісабоне.
Аб гатоўнасці стаць валанцёрамі СДМ заявілі 25 тысяч чалавек
На сённяшні дзень каля 700 валанцёраў у Лісабоне дапамагаюць у арганізацыі Сусветных дзён моладзі. Чакаецца, што яшчэ некалькі тысяч, у асноўным з Іспаніі і Бразіліі, прыбудуць у бліжэйшыя тыдні. Паводле аргкамітэта, на сёння аб гатоўнасці стаць валанцёрамі заявілі 25 тысяч чалавек.
У Лісабон прыбылі сімвалы Сусветных дзён
Крыж і копія абраза Маці Божай Salus Populi Romani – сімвалы Сусветных дзён моладзі распачалі апошні этап перэгрынацыі. Яны пакінулі Рым ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў 2020 годзе. У гэтыя дні іх прымае Лісабонскі Патрыярхат, дзе яны да 23 ліпеня будуць наведваць асобныя пункты і парафіі.
У інтэрв’ю агенцтву Ecclesia мясцовы каардынатар СДМ падкрэсліў, што гэтыя сімвалы пойдуць да людзей. “Яны будуць праводзіць больш часу па-за касцёлам, чым унутры яго”, - прызнаўся Жаао Клементэ. Ён лічыць гэта “выдатнай магчымасцю для дыяцэзіі”. Перэгрынацыя будзе праходзіць таксама праз пункты, якія перажываюць пік турыстычнага сезону – праз набярэжныя, пляжы, кірмашы і фестывалі.
Падчас СДМ кампаніі пераходзяць на дыстанцыйны рэжым працы
Усё больш партугальскіх кампаній у лісабонскай агламерацыі пераходзяць на дыстанцыйны метад працы ў сувязі з Сусветнымі днямі моладзі. Як правіла, яны дазваляюць сваім супрацоўнікам працаваць з дому, каб не ехаць на працу падчас мерапрыемства, у якім, як чакаецца, прыме ўдзел каля мільёна маладых людзей з усяго свету. Сярод тых, хто ўжо пацвердзіў магчымасць працы з дому шмат кампаній з банкаўскага і страхавога сектараў.
Як паведамляюць партугальскія СМІ, у першы тыдзень жніўня ва ўсёй сталічнай зоне Лісабона, а таксама ў гарадах Сетубал і Сантарэм, дзе таксама пройдуць сёлетнія Сусветныя дні, чакаецца транспартны хаос.