Кардынал-намінант Піцабала: неабходны справядлівы мір для ўсіх
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Касцёл не мае арміі, не мае зброі, мы не верым у насілле. Мы супраць усіх формаў гвалту, але мы тут, каб выказаць нашу салідарнасць з годнасцю і свабодай палестынцаў", - сказаў арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала падчас наведвання лагера бежанцаў у Джэніне, дзе на плошчы менш за квадратны кіламетр жыве каля 14 тысяч чалавек. У першыя дні ліпеня 2023 года ў выніку ваеннай аперацыі Ізраіля ў лагеры загінулі дванаццаць чалавек, дзясяткі засталіся параненымі, 500 сем'яў былі вымушаны пакінуць свае дамы.
"Я бачу людзей, якія пакутуюць ад наступстваў акупацыі, але ў той жа час я бачу людзей, якія не хочуць сыходзіць, не здаюцца і не дазваляюць нікому пазбавіць сябе годнасці і волі да жыцця на сваёй радзіме", - сказаў іерарх, які на наступным кансіторыі 30 верасня 2023 года атрымае годнасць кардынала.
Арцыбіскуп Піцабала наведаў пашкоджаную парафію лагера, а таксама падпаленыя крамы, якія належаць Лацінскаму Патрыярхату Іерусаліма. Многія будынкі былі разбураны ў выніку налётаў ізраільскіх беспілотнікаў.
Патрыярх сустрэўся таксама з грамадзянскімі ўладамі Джэніна, выказаўшы гатоўнасць да рэалізацыі сумесных праектаў, якія могуць забяспечыць годнае жыццё сем'ям. "Надзея застаецца, таксама як і неабходнасць імкнуцца да справядлівага і поўнага міру для ўсіх зацікаўленых бакоў", - сказаў ён падчас сустрэчы.