Маркета: новыя кардыналы – тэмы міграцыі, прымату, сінадальнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Эксперт Другога Ватыканскага Сабору, шматгадовы апостальскі нунцый, у тым ліку і ў Беларусі, і былы сакратар Папскай рады душпастырства мігрантаў і падарожнікаў быў уключаны ў нядаўна абвешчаны Францішкам спіс 21 кандыдата ў кардыналы. Як ён сам адзначыў у інтэрв’ю Vatican News, гэта падкрэслівае важнасць тых тэм, якімі ён займаўся дагэтуль у сваім жыцці.
“Гэта паказвае на справу, якая была маім самым важным і двайным абавязацельствам. Па-першае, пытанне душпастырства вандроўных мігрантаў – асаблівае душпастырства, звязанае з мабільнасцю чалавека. Гэта была вядучая дзейнасць Касцёла ў мінулым стагоддзі, у якой выявілася і рэалізавалася думка і вера ў тое, што трэба ісці за чалавекам туды, куды ідзе ён”, - падзяліўся Маркета.
“Другі фундаментальны момант – гэта ў пэўным сэнсе лейтматыў усяго майго жыцця: адносіны паміж папствам і епіскапатам, у прыватнасці, папскім прыматам і рэальнасцю калегіяльнасці на Другім Ватыканскім Саборы, што, на маю думку, бярэ пачатак з першага тысячагоддзя”, - дадаў іерарх.
На пытанне аб тым, як канкрэтна зменіцца яго жыццё пасля таго, як стане кардыналам, арцыбіскуп Маркета адказаў, што “будзе працягваць вучыцца, публікаваць і рабіць тое, што рабіў заўсёды, нават цяпер, калі знаходзіцца на пенсіі... “І, канечне, працягну сваё душпастырскае служэнне, таму што гэта правільна, таму што ў нас мала святароў, і ў гэтай сферы варта рабіць усё магчымае”, - прызнаўся ён.
“Калі мне скажуць, што хочуць ад мяне чагосьці канкрэтнага, я з радасцю перадам свайму Касцёлу тое, што мне было дадзена", - адзначыў кардынал-намінант Маркета.