Пошук

Францішак моліцца перад статуяй Маці Божай у Фаціме, 12 мая 2017 года Францішак моліцца перад статуяй Маці Божай у Фаціме, 12 мая 2017 года  Калонка рэдактара

Папа наведае Фаціму, каб прасіць міру для Украіны і ўсяго свету

Папа свядома ўключыў Фаціму ў праграму апостальскага падарожжа на СДМ у Лісабон, таму што хоча маліцца да Марыі аб спыненні вайны ў цэнтры хрысціянскай Еўропы і ўсіх войнаў, - заўважыў Андрэа Тарніелі ў сваёй калонцы на Vatican News.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня / Vatican News

Францішак у другі раз наведае санктуарый Фацімскай Божай Маці, дзе ў маі 1917 года трое пастушкоў – двое з іх ужо праслаўлены ў ліку святых, трэцяя ж знаходзіцца на шляху да алтароў, – атрымалі ад Марыі пасланне, якое датычыцца будучага чалавецтва. 

Візіт працягласцю ўсяго некалькі гадзін у Фаціму, – куды Пантыфік прыбудзе на верталёце 5 жніўня 2023 года, – быў дададзены ў праграму не адразу, паколькі спачатку падарожжа Папы павінна было абмежавацца выключна Лісабонам і яго ўдзелам у Сусветных днях моладзі.

Тарніелі нагадаў аб тым, што Францішак ужо наведваў знакаміты багародзічны санктуарый, у сувязі са стагоддзем аб’яўленняў, для кананізацыі двух маленькіх візіянераў Франсішку і Жасінты Марту ў маі 2017 года. Паказальна, што ён вырашыў зноў прыпасці да ног Фацімскай Багародзіцы, і намеры Папы звязаны з трагедыяй вайны ў “шматпакутнай Украіне”, якая падвяргаецца бамбардзіроўкам з боку расійскіх войскаў, але таксама і з шматлікімі забытымі войнамі, якія ідуць ва ўсім свеце. 

Гэты жэст Біскупа Рыма, лічыць галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада, можна наўпрост звязаць з іншым, які ён здзейсніў крыху больш за месяц пасля пачатку вайны, у базіліцы Святога Пятра 25 сакавіка 2022 года, прысвяціўшы Расію і Украіну Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Бо менавіта просьба аб прысвячэнні Расіі гучала ў аб’яўленні фацімскім пастушкам. 

Тарніелі прыгадвае словы Францішка, якімі ён маліўся шаснаццаць месяцаў таму: “Мы сышлі з мірнага шляху. Забыліся трагічныя ўрокі мінулага стагоддзя, аб мільёнах загінулых у сусветных войнах. Не здолелі выканаць абавязацельствы, што ўзялі на сябе як Супольнасць Нацый, і не апраўдалі мары народаў і спадзяванні моладзі... Зорка Мора, дапамажы нам ацалець у буры вайны... Збаў нас ад вайны, захавай мір ад ядзернай пагрозы”.

Павел VI у Фаціме, 13 мая 1967 года
Павел VI у Фаціме, 13 мая 1967 года

Фаціма і гісторыя пантыфікаў

Партугальскія аб’яўленні, працягвае аўтар калонкі на Vatican News, звязаны з гісторыяй пантыфікаў ХХ стагоддзя і пераплятаюцца з іх асабістымі біяграфіямі. Бэнэдыкт XV у разгар Першай сусветнай вайны 5 мая 1917 года вырашыў дадаць заклік Каралева супакою, маліся за нас да традыцыйнай Ларэтанскай літаніі. Праз некалькі дзён, 13 мая, адбылося першае аб’яўленне Маці Божай у Фаціме. Падзея адбылася ў той жа дзень, калі ў Сікстынскай капэле Папа пасвяціў на біскупа Эўджэніа Пачэлі, які пасля стане яго другім наступнікам. Як Пій ХІІ, 31 кастрычніка 1942 года Пачэлі прысвяціў Беззаганнаму Сэрцу Марыі “народы, раз’яднаныя памылкамі або нязгодай”. Павел VI у маі 1967 года стаў першым Пантыфікам, які здзейсніў пілігрымку ў Фаціму, каб адсвяткаваць 50-ю гадавіну аб’яўленняў. Партугалія тады яшчэ знаходзілася пад уладай дыктатара Салазара.

Кроў Яна Паўла ІІ і пасланне Бэнэдыкта XVI

Аднак менавіта ў асобе Караля Вайтылы фацімская гісторыя і пасланне да пастушкоў, засакрэчаныя да 2000 года, непарыўна звязаліся з жыццём Наступніка Пятра. 13 мая 1981 года ў 17.17 на плошчы святога Пятра Ян Павел II быў цяжка паранены ў выніку нападу, здзейсненага турэцкім тэрарыстам Алі Агджой. Папа прыбыў у клініку Джэмэлі амальабяскроўлены і блізкі да смерці: ён лічыў сваё выжыванне цудам, і праз дзевятнаццаць гадоў пасля гэтага ён нарэшце адкрыў і прымяніў да сябе трэцюю частку Фацімскай таямніцы, апісваючы забойства “біскупа, апранутага у белае”, які ідзе па разбураным горадзе. Падчас свайго доўгага пантыфікату Ян Павел II наведаў партугальскі санктуарый тройчы: у 1982годзе, 1991 годзе і, нарэшце, у 2000 годзе Вялікага Юбілею.

Яго наступнік Бэнэдыкт XVI таксама здзейсніў пілігрымку ў Фаціму падчас свайго візіту ў Партугалію ў 2010 годзе і сказаў: “Памыляецца той, хто думае, што прароцкая місія Фацімы скончылася”. З гэтай нагоды падчас палёту, адказваючы на ​​пытанне журналіста, Папа таксама згадаў аб крызісе злоўжыванняў, сказаўшы: “Што таго новага, што мы можам адкрыць сёння ў гэтым пасланні, то гэта ў тым ліку і той факт, што нападкі на Папу і Касцёл зыходзяць не толькі звонку, але пакуты Касцёла зыходзяць менавіта знутры Касцёла, ад граху, які існуе ў Касцёле. (...) І таму Касцёл мае глыбокую патрэбу зноў навучыцца пакаянню”.

07 ліпеня 2023, 12:24