Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскі візіт у Манголію: рэлігійнае і геапалітычнае значэнне

Папская пілігрымка ў Манголію дэманструе рашучасць Святога Айца ва ўвазе да самых забытых куткоў зямнога шара і жаданне служыць нават жменьцы вернікаў, якія там жывуць, - адзначыў кардынал Джорджа Марэнга.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак зможа ўбачыць, як моцна развілася мясцовая супольнасць за апошнія два дзесяцігоддзі. "Мы – маленькі, але жывы Касцёл", - сказаў Апостальскі прэфект ва Улан-Батары.

“Наш Касцёл налічвае 1450 вернікаў, і зусім нядаўна мясцовыя жыхары назіралі, як мы ставілі традыцыйныя юрты для першых капліц і вучылі малітвы па-мангольску”, - сказаў італьянскі місіянер, які прыехаў працаваць у Манголію ў 2001 годзе, неўзабаве пасля святарскага пасвячэння.

Марэнга падкрэсліў, што сустрэча з Францішкам стане важнай падзеяй не толькі для мясцовых католікаў. “Гэта будзе бальзам надзеі і міласэрнасці для народа, які 70 гадоў пакутаваў ад жорсткага камуністычнага рэжыму, наступствы якога ўсё яшчэ бачныя ў грамадстве”, - сказаў ён.

Першыя чатыры дні верасня Францішак правядзе ва Улан-Батары. Тут адбудуцца ўсе мерапрыемствы, звязаныя з папскай пілігрымкай. Кардынал-місіянер лічыць, што яна стане важнай падзеяй для евангелізацыі Манголіі. Ён адзначыў, што візіт Папы ў, магчыма, самы нешматлікі Касцёл у свеце з’яўляецца выразам яго сапраўднага клопату аб забытых і часта незаўважаных.

Падчас пілігрымкі Францішак урачыста адкрые новы Дом міласэрнасці, створаны католікамі для бедных, адрынутых і жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Паездка таксама можа мець значнае геапалітычнае значэнне, паколькі Манголія мяжуе з Кітаем і Расіяй.
 

25 ліпеня 2023, 11:30