Пошук

СДМ-2023. Ілюстрацыйнае фота СДМ-2023. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

СДМ-2023: падсумаванне падрыхтоўкі і гімн на беларускай мове

Неўзабаве, 1-6 жніўня 2023 года, у Лісабоне пройдуць 37-я Сусветныя дні моладзі пад дэвізам “Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла” (Лк 1, 29). На дадзены момант зарэгістравалася каля 600 тысяч пілігрымаў са 184 краін свету.

Ян Глінскі

Паводле інфармацыі арганізатараў СДМ, большасць удзельнікаў прыбудуць з Іспаніі, Італіі, Партугаліі, Францыі, Польшчы і ЗША. Акрамя гэтага, на СДМ-2023 зарэгістравалася больш за 20 тысяч чалавек, сярод якіх, між іншым, валанцёры, медработнікі і студэнты-медыкі. Больш за тысячу аб’ектаў грамадскага харчавання рыхтуюцца да забеспячэння ўдзельнікаў пасілкамі.

У дадатак да асноўных мерапрыемстваў, такіх як нацыянальныя сустрэчы, катэхезы і Імшы, арганізатары прапануюць больш за 200 іншых мерапрыемстваў, уключаючы музычныя, танцавальныя, тэатральныя і спартыўныя турніры.

Яшчэ адна высокая лічба, на якую звяртаюць увагу арганізатары СДМ, – гэта 6753 дрэвы, пасаджаныя ў розных краінах свету ў памяць аб СДМ у Лісабоне ў супрацоўніцтве з Міжнароднай ініцыятывай па пасадцы дрэў Global Tree Initiative (GTI). Памятныя дрэвы былі пасаджаны ў Анголе, Аўстраліі, Бразіліі, Гвінеі, Індыі, Іспаніі і Францыі.

Што датычыцца размяшчэння, парафіі прымаючых дыяцэзій Лісабона, Сетубала і Сантарэна ўжо зарэгістравалі 6000 сем’яў, якія адкрыюць свае дамы для пілігрымаў. Для калектыўнага пражывання арганізатары падрыхтавалі 400 тысяч месцаў у прымаючых дыяцэзіях, а таксама працягваюць перамовы адносна пытання размяшчэння з гарадскімі саветамі і іншымі муніцыпальнымі прадстаўніцтвамі.

Афіцыйны гімн СДМ Há Pressa no Ar дасяжны не толькі на мове краіны-арганізатара (партугальскай), але і на афіцыйных мовах Сусветных дзён моладзі: англійскай, іспанскай, італьянскай і французскай. Гімн перакладзены таксама на іншыя мовы: в’етнамскую, інданезійскую, карэйскую, мандарынскую (дыялект кітайскай мовы), нямецкую, а таксама на арабскую і партугальскую мовы жэстаў.

Прэзентацыя арыгінальнай версіі гімна Ha Pressa no Ar адбылася ў студзені 2021 года. Тэкст песні сугучны з тэмай сустрэчы – візіт Марыі да Альжбеты, маці святога Яна Хрысціцеля.

Літаральна за месяц да моладзевага форуму была запісана і беларуская версія гімна, якая мае назву Рук мора шуміць. Яна сугучная не толькі з дэвізам СДМ, але і з важным для беларускіх католікаў месцам – марыйным нацыяльнальным санктуарыям у Будславе. Запіс гімна на беларускай мове дасяжны на старонцы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by і на YouTube.

22 ліпеня 2023, 07:19