Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Росіцы адбыліся ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя хвалебнай смерці благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. 28 ліпеня 2023 года ў росіцкім санктуарыі прывіталі пілігрымаў, апоўначы адбылася ўрачыстая святая Імша, затым – працэсія на пляц мучаніцтва і адарацыя Крыжа, Крыжовы шлях, малітва праслаўлення. Раніцай наступнага дня – Літургія Усходняга абраду і Эўхарыстыя на заканчэнне ўрачыстасці.

У гадавіну смерці кардынала Свёнтка арцыбіскупы Станеўскі і Кандрусевіч разам памаліліся аб вечным жыцці для свайго папярэдніка. 21 ліпеня 2023 года ў мінскай катэдры цэлебрацыю Эўхарыстыі за першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кардынала Казіміра Свёнтка ўзначаліў дзеючы Мітрапаліт, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што кардынал Свёнтэк увайшоў у сучасную гісторыю Касцёла ў Беларусі як першы і адзіны кардынал, а яшчэ больш – як нязломны сведка веры.

У тракельскім санктуарыі адзначылі Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей. 23 ліпеня 2023 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў адбылася святая Імша, удзельнікі якой маліліся за жывых дзядуль і бабуль і аб Нябесным Валадарстве для памерлых. Таксама падчас Крыжовага шляху ўдзельнікі свята разважалі аб ролі дзядуль і бабуль у сучасных сем’ях і грамадстве.

Новага пробашча прывіталі ў мінскай катэдральнай парафіі. 23 ліпеня 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўрачыста ўвёў на пасаду пробашча ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага. Дагэтуль ён служыў у парафіі ў Заслаўі, дзе ў той жа дзень на пасаду пробашча заступіў ксёндз канонік Антоній Клімантовіч – былы пробашч мінскай архікатэдры. Узвядзенне на пасаду здзейсніў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Cустрэчу валанцёраў парафіяльных Caritas правялі ў Нясвіжы. З 21 па 23 ліпеня 2023 года тут сабраліся валанцёры гэтага Дабрачыннага каталіцкага таварыства з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Удзельнікі сустрэчы з Маладзечна, Мар’інай Горкі, Капыля, Нясвіжа, Слуцка і Стоўбцаў прэзентавалі дзейнасць сваіх парафіяльных Caritas. Таксама валанцёры разам наведалі касцёл Божага Цела, дзе ўзялі ўдзел у святой Імшы, пабывалі на экскурсіі ў Нясвіжскім замку.

На Гродзеншчыне благаславілі транспарт медыкаў і таксістаў. 26 ліпеня 2023 года з нагоды ўспаміну святога Крыштафа, які адзначаўся напярэдадні, у Гродзенскім абласным клінічным шпіталі адбылося благаслаўленне аўтамабіляў хуткай дапамогі і транспарту медыкаў. А ў Лідзе ксёндз канонік Юрый Бяганскі ўдзяліў благаслаўленне кіроўцам мясцовага таксапарка і благаславіў іх аўтамабілі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

29 ліпеня 2023, 10:11